Нам неабходны свой, беларускі, стэрэатып поспеху. Ляхавічане — пра Пасланне Прэзідэнта

Вольга БУРАК, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын

– Прынятая Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку – гэта тая стратэгічная дарожная карта новага этапу ў жыцці Беларусі, якая задае выразны вектар, аб’ядноўвае і кансалідуе грамадства вакол агульнанацыянальных мэтаў: стварэнне сучаснай, канкурэнтаздольнай, сацыяльна адказнай і суверэннай дзяржавы, дзе галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца чалавек. Поўнае ажыццяўленне ўсіх прыярытэтаў патрабуе, канешне, намаганняў і штодзённай добрасумленнай працы. Сёння кожны павінен узважыць свае сілы і спытаць у сябе: што я магу зрабіць для агульнай справы, і які будзе мой асабісты уклад?

Час агульных тэзісаў скончыўся. Пачынаецца час канкрэтных спраў. І справы пачынаюцца з нашай самаідэнтыфікацыі. Нам неабходны свой, беларускі, нацыянальны стэрэатып поспеху. Наспеў час аднаўляць сапраўдныя грамадскія ідэалы. Сёння трэба вярнуць на п’едэстал вобраз жанчыны-маці, жанчыны-стваральніцы. Наша сучасніца можа быць і дзелавой, і паспяховай, рэалізуючы сябе ў прафесіі, нават выхоўваючы трох і больш дзяцей. Гэта і ёсць новы беларускі стыль – стыль поспеху, заснаваны на жаночай моцы, мудрасці і сямейных каштоўнасцях. Як старшыня раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» ведаю, наколькі нашы жанчыны працаздольныя і таленавітыя. Яны па-майстэрску знаходзяць гармонію паміж сям’ёй, кар’ерай і грамадскім жыццём.

Не менш важны напрамак, які злучае пакаленні, – актыўнае даўгалецце. Павелічэнне працягласці і, галоўнае, якасці жыцця, у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады вызначана як адна са стратэгічных мэтаў. У краіне, і наш раён не выключэнне, шмат робіцца для актыўнага ладу жыцця землякоў усіх узростаў.

Другі, сацыяльна адказны прыярытэт, які злучае інтарэсы дзяржавы і грамадства, – якасная адукацыя. Мы, сённяшняе пакаленне, не маем права пакідаць нашым дзецям нявырашаныя праблемы. Будаваць сучасную краіну можна толькі сучаснымі ведамі.

Раённыя арганізацыі, палітычныя партыі, прафесійныя саюзы, прадстаўляюць розныя інтарэсы грамадства, але разам, агульнымі намаганнямі ўносяць важкі ўклад у пабудову развітай грамадзянскай супольнасці, заснаванай на прынцыпах сумеснай адказнасці і сацыяльнай салідарнасці. І, упэўнена, так будзе і далей.
Такім чынам, лёс нашага агульнага дома – Беларусі, рэалізацыя прынятай на УНС праграмы – у руках кожнага. Ад нашай асабістай і калектыўнай адказнасці залежыць, якім будзе заўтрашні дзень.