Час стаць бачным! З 25 па 31 кастрычніка праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя «Час стаць бачным!»

У гэтыя дні сярод клопатаў інжынера па ахове працы ААТ «Шлях новы» Маргарыты Крайнюк – забеспячэнне работнікаў сельгаспрадпрыемства адзеннем са святлоадбівальнымі элементамі.

Клопат прадпрыемстваў і арганізацый пра жыццё і здароўе сваіх работнікаў – гэта не толькі ахова працы на рабочых месцах.
Гэта і забеспячэнне за кошт прадпрыемстваў работнікаў святлоадбівальнай прадукцыяй – камізэлькамі павышанай бачнасці, флікерамі для іх выкарыстання ў паўсядзённым жыцці: на шляху на працу ці па дарозе дамоў. Так клапоцяцца пра сваіх работнікаў, напрыклад, у ААТ «Шлях новы».

Паклапаціцеся пра сваё здароўе і жыццё. Падумайце пра ўласную бяспеку на дарозе і бяспеку сваіх дзяцей. Зрабіце ўсё магчымае, каб не трапіць у аварыю. Пазначце сябе святлоадбівальнымі элементамі, каб быць бачнымі ў цёмны час сутак! Флікеры і спецыяльныя камізэлькі – у дапамогу/

З наступленнем асенне-зімовага перыяду светлавы дзень імкліва скарачаецца. Дажджы, туманы, ранняе змярканне істотна зніжаюць бачнасць на дарогах. У такіх умовах пешаходы і веласіпедысты становяцца яшчэ больш уразлівай катэгорыяй удзельнікаў дарожнага руху. На дапамогу можа прыйсці невялікі, але жыццёва важны памочнік. Размова пра святлоадбівальныя элементы. Іх ролю ў бяс-пецы дарожнага руху цяжка пераацаніць.

Згодна з даследаваннямі, вадзіцель у стане ўбачыць пешахода ці веласіпедыста, які не пазначаны святлоадбівальным элементам,
на адлегласці 25–30 метраў. А пры наяўнасці ў таго ж пешахода флікера ці камізэлькі павышанай бачнасці, адлегласць, на якой бачны ўразлівы ўдзельнік дарожнага руху, павялічваецца да 150 метраў, пры руху з далёкім святлом фар вадзіцель і ўвогуле бачыць пешахода на адлегласці 400 метраў. Пры гэтым запас часу на рэакцыю вадзіцеля павялічваецца да 16 секунд, што дае магчымасць прыняць меры да зніжэння скорасці нават да спынення руху аўтатранспарту.

Сёлета за 9 месяцаў на Брэстчыне адбылося 64 ДТЗ з удзелам пешаходаў, падчас якіх 12 чалавек загінулі і 54 траўмаваны. Па віне пешаходаў на тэрыторыі вобласці зарэгістраваны 25 ДТЗ, 7 з якіх па прычыне знаходжання ў цёмны час сутак на праезнай частцы без святлоадбівальных элементаў. Начальнік АДАІ РАУС Яўгеній Вайшэвіч расказаў, што ў Ляхавіцкім раёне з пачатку года адбылося пяць дарожна-транспартных здарэнняў, падчас якіх загінулі два пешаходы. Прычым у выніку нядаўняга ДТЗ у вёсцы Задвор’е загінуў пешаход, які ў цёмны час сутак знаходзіўся без святлоадбівальнага элемента. Усяго з пачатку года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 342 парушэнні Правілаў дарожнага руху пешахо-дамі, у 125 выпадках яны не былі пазначаны святлоадбівальнымі элементамі.

Вернемся да даследаванняў. Пры выкарыстанні святлоадбівальных элементаў ва ўмовах недастатковай бачнасці колькасць пацярпелых у ДТЗ пешаходаў зніжаецца ў 6–8 разоў. Уяўляеце, колькі чалавек маглі захаваць жыцці і зберагчы здароўе, каб пазначылі сябе святлоадбівальнымі элементамі. Каштуюць яны танна, але могуць зберагчы самае дарагое – жыццё.

З 25 па 31 кастрычніка праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя «Час стаць бачным!». Падчас акцыі супрацоўнікі ДАІ ўзмацняюць кантроль на дарогах і праводзяць адпрацоўку аварыйна небяспечных участкаў дарог і вуліц населеных пунктаў, нерэгулюемых пешаходных пераходаў у гадзіны пік руху пешаходаў, веласіпедыстаў. Асаблівая ўвага, як адзначалі ў АДАІ РАУС, звяртаецца на фізічны стан удзельнікаў дарожнага руху і наяўнасць святлоадбівальных элементаў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.