Завяршальны сёлета сельскі сход па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння на Ляхавіччыне прайшоў на мінулым тыдні ў Дараўскім СДК
Сцэнарый адпрацаваны, за пяцігодку даказаў сваю эфектыўнасць – на вячэрнюю сустрэчу ў адзін з сельсаветаў выязджае кіраўніцтва раёна і самых запатрабаваных службаў і арганізацый.

Зроблена з дзяржаўнай падтрымкай
Пра тое, што зроблена за мінулы год, – справаздача старшыні Конь-
каўскага сельвыканкама Мікалая Прыхача. Унушальны пералік работ, сярод якіх асобнае месца – пытанням добраўпарадкавання. Так, летась заасфальтаваны пад’езд да вёскі Дарава-Чыж. Нарэшце знята вострае пытанне – пабудаваны пераезд праз чыгунку да вёскі Зарэчча. Мадэрнізаваны ЛЭП у вёсках Чвыры і Туркі, што дало мясцовым жыхарам магчымасць выкарыстоўваць электраэнергію для ацяплення. Вырабляецца праектна-каштарысная дакументацыя на мадэрнізацыю электразабеспячэння і ўладкаванне вулічнага асвятлення па частцы вуліцы Лясной у Дарава-Чыж.
У інвестыцыйную праграму Брэсцкай вобласці ўключана будаў-
ніцтва квартала індывідуальнай забудовы ў вёсцы Літве. Агульны
кошт работ па будаўніцтве вулічна-дарожнай сеткі і падводзе камуні-
кацый электра-, газа- і водазабеспячэння – 2,5 мільёна рублёў.
На бягучы год з абласнога бюджэту выдзелены сродкі, і работы пачнуцца ўжо ў красавіку.

Несумненна, знойдзецца той, хто скажа: пералік мог быць і большым. Яно, канешне, так. Але і агучана далёка не ўсё, што зроблена за апошні час і робіцца штодзень. Дарагога (прычым ва ўсіх сэнсах) варта тое, што яшчэ зусім нядаўна самая нізкапрадукцыйная і праблемная ферма «Літва» сёння – самая высокапрадукцыйная ў гаспадарцы. Сродкі ў будаўніцтва МТФ укладзены каласальныя, у тым ліку з абласнога бюджэту. Ферма, дарэчы, будуецца і далей.
Самая пільная дзяржаўная ўвага – сацыяльнай сферы, у тым ліку ўстановам адукацыі. Іх на тэрыторыі сельсавета дзве: Конькаўская і Дараўская СШ з выкананнем функцыі дашкольнай адукацыі. Напрыклад, у Дараве сёння займаецца 57 школьнікаў і 39 дашкалят. Школа адрамантавана і аснашчана ўсім неабходным. Дзеці забяспечаны бясплатным харчаваннем і падвозам.
Не сакрэт, што навучанне дзіцяці ў вясковых школах абыходзіцца дзяржаве істотна даражэй, чым у горадзе. Напрыклад, у Дараўскай СШ, па інфармацыі аддзела па адукацыі райвыканкама, сума складае без малога 20 тысяч рублёў на аднаго навучэнца ў год пры нарматыве бюджэтнай забяспечанасці 1 700 рублёў…
Гэтыя факты прагучалі з мэтай нагадаць: тое, да чаго мы прывыклі, што прымаем, як зразумелае, не з’яўляецца само – гэта вялікія грошы, пераважна дзяржаўныя.
У літоўцаў ёсць пытанне
Так, праблем на вёсцы хапае. На сходзе агучаны немалы «букет»
пытанняў да дарожнікаў, камунальнікаў, энергетыкаў. Вуліца Палявая ў Літве патрабуе добраўпарадкавання, яшчэ адна просьба
тутэйшых жыхароў – арганізаваць для будаўнічай тэхнікі іншы маршрут да квартала забудовы, бо праезд цяжкага транспарту віда-
вочна дадасць праблем. Жыхары літоўскіх вуліц Палявой, Каштанавай, Маладзёжнай скардзіліся на бездарожжа, па якім даводзіцца дабірацца да аўтобуснага прыпынку. А яшчэ – на адсутнасць асвятлення на прыпынку на трасе Р-4. Жыхароў вуліцы Маскоўскай непакояць сур’ёзныя перапады напружання, якія ўплываюць на работу ўстройстваў, у тым ліку электракатлоў. Па версіі энергетыкаў праблема ў тым, што нехта час ад часу нелегальна выкарыстоўвае лінію для энергаёмістага абсталявання, напрыклад, зварачнага апарата. Даручэнне РЭСу – паскорыцца з разбіральніцтвам.
Зрабіць асвятленне на прыпынку на вуліцы Якуба Коласа;
наладзіць кантроль якасці грэйдзіравання вуліц; выправіць хібы пасля работ па пракладцы камунікацый; добраўпарадкаваць вуліцы Дзяржынскага, Камсамольскую і іншыя моманты – пытанні занатаваны, і магчымасці іх вырашэння будуць вывучацца.
Наконт аўтобуснага маршруту праз Літву на Баранавічы і Ляхавічы прадстаўнік аўтапарка г. Баранавічы запэўніў: пытанне вырашаецца, засталося ўзгадніць і паставіць прыпыначныя пункты. А вось «геаграфія» іх размяшчэння выклікала гарачыя спрэчкі сярод вяскоўцаў: зразумела, кожнаму хочацца, каб прыпынак
быў бліжэй да яго патрэб.
Пытанняў аказалася нямала. Але вырашыць многія можна было б, не чакаючы сходу. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз нагадаў: ёсць іншыя спосабы данесці свае праблемы да ўлады, у тым ліку – прамыя лініі кіраўніцтва раёна, што праходзяць кожную суботу.
– Што не зможам зрабіць – абяцаць не будзем. Напрыклад, будаўніцтва дарог – гэта цяжкія пытанні, грашовыя: пакласці кіламетр асфальту каштуе 350 тысяч рублёў. Што можна зрабіць без вялікіх укладанняў – будзем рабіць. Планамерна, крок за крокам вырашаем многія праблемы. Дзесьці патрэбны і ваш удзел. А ў цэлым, не ўсё так дрэнна. І ў Літве жыць можна! – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.
А ўжо на наступны дзень у сельсавеце ў працяг тэм, узнятых на сходзе, працавалі кіраўнікі дарожнай, камунальнай і энергетычнай службаў. Пад кіраўніцтвам старшыні райсавета дэпутатаў прайшліся-праехалі па праблемных адрасах і вызначыліся са шляхамі вырашэння.

Каб грошы не «ўцяклі» на чужы рахунак, а маёмасць не пайшла дымам
«Вы павінны аддаць мне ключ ад пакоя, дзе ляжаць грошы». Як думаеце, ці многія дадуць згоду на такую прапанову незнаёмца? Чамусьці здаецца, што не многія. Не даслоўна, але, у прынцыпе, менавіта па такой схеме дзейнічаюць тэлефонныя махляры. І, нягледзячы на ўсе папярэджанні, многія паслухмяна выконваюць «парады» кібермахляроў без асаблівых ваганняў. Напрыклад, паведамляюць незнаёмым асобам персанальныя даныя. Перадаюць коды з паведамленняў, а разам з імі доступ да сістэм дыстанцыйнага кіравання сваім рахункам. Інвестуюць нібыта ў прыбытковыя праекты, якія на справе аказваюцца такімі толькі для кіберзлодзеяў. Пераводзяць падманшчыкам усе свае накапленні, каб «задэклараваць» іх. Замест таго, каб удакладніць сітуацыю, што называецца, з першых крыніц, перадаюць кур’ерам махляроў грошы і каштоўнасці, каб нібыта дапамагчы сваім родным, якія нават не ўяўляюць, што ім патрэбна дапамога… А яшчэ
па ўказцы «спецыялістаў» устанаўліваюць шкоднае праграмнае забеспячэнне, не задумваючыся, пераходзяць па спасылках, уносяць перадаплату за неіснуючыя тавар і паслугі… Вынік ва ўсіх выпадках адзін – грошы «ўцякаюць» на чужыя рахункі.
І такіх выпадкаў, у тым ліку сярод нашых землякоў, было б значна больш, каб міліцыя ў літаральным сэнсе не стукалася ва ўсе дзверы: не выходзіла б у працоўныя калектывы і навучальныя ўстановы, на сходы, не звярталася да насельніцтва праз СМІ. Вось і жыхарам Конькаўскага сельсавета старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Мікіта Біза нагадаў пра тое, як не трапіць у пасткі, расстаўленыя махлярамі, прывёў жывыя прыклады і адказаў на пытанні вяскоўцаў.

Яшчэ адно гарачае пытанне – прафілактыка вогненных здарэнняў. Так атрымалася, што марозная зіма справакавала рост колькасці пажараў. Нягледзячы на актыўную прафілактычную работу, іх з пачатку года на Ляхавіччыне зарэгістравана ўжо 12, у агні загінулі 2 чалавекі.
Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Юрый Буйкевіч нагадаў асноўныя прычыны пажараў. Па-ранейшаму лідзіруюць неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правіл эксплуатацыі печаў і ацяпляльных прыбораў, парушэнне мантажу і эксплуатацыі электраправодкі. Праверыць сітуацыю, убачыць слабыя месцы і падказаць, што варта зрабіць для ўласнай бяспекі (у тым ліку, напрыклад, устанавіць і трымаць у спраўным стане аўтаномны пажарны апавяшчальнік) – мэта наведванняў домаўладанняў, якія праходзяць ва ўсіх сельсаветах раёна.
Юрый Буйкевіч у выступленні закрануў і такі патэнцыяльна небяспечны момант. Адліга робіць крохкім лёд вадаёмаў. Размова ў першую чаргу пра рыбакоў, але не толькі пра іх. З пачатку года на Брэстчыне на вадзе загінулі 7 чалавек – сумная нагода сур’ёзна задумацца, ці варта за зімовае хобі плаціць так дорага – жыццём…

