Калі рамонт у радасць. Чаго з нецярпеннем чакалі жыхары Ганчароў, Куршынавічаў, Старых і Новых Будаў і іншых вёсак Ляхавіцкага раёна

Вось і здарылася тое, чаго з нецярпеннем чакалі не толькі жыхары Ганчароў, Куршынавічаў, Старых і Новых Будаў, Хацяжа, Гашчына і іншых навакольных вёсак Ляхавіцкага раёна, але і вадзіцелі аўтатранспарту, што праязджае па аўтадарозе, якая звязвае Ляхавічы і Ганцавічы.

– З 19 чэрвеня пасля падрыхтоўкі неабходнага матэрыялу наша арганізацыя пачала капітальны рамонт аўтадарогі Н-2 «Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы». На ўчастку працягласцю пяць кіламетраў ідзе поўная замена гравійнага пакрыцця на цвёрдае – асфальтавае. Такім чынам, прыкладна за два месяцы новае пакрыццё набудзе дарога ад Мядзведзічаў да Куршынавічаў. Калі надвор’е не падкарэкціруе тэрміны здачы работы, плануем завяршыць да канца сёлетняга жніўня. Удакладню, што ўладкаванне дарогі праводзіцца за кошт абласнога бюджэту, на гэтыя мэты выдаткавана каля 1,5 мільёна рублёў, – расказвае начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога.
Для таго, каб зразумець, наколькі важная такая дарожная новабудоўля, звернемся да нядаўніх падзей.
З 2017 года пачалі сыпацца скаргі ад жыхароў тутэйшых вёсак на нездавальняючы стан дарогі.
Нельга сказаць, што ДРБУ-200 (на балансе арганізацыі знаходзіцца і дарога Н-2 «Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы») не звяртала ўвагу на праблему і не імкнулася яе вырашыць. Па графіку, а то і часцей, праводзіліся грэйдзіраванне, падсыпка. Эфекту, праўда, хапала не надоўга. Адзіны выхад: тут неабходна пакласці асфальт. Пасля зваротаў вяскоўцаў на прамыя тэлефонныя лініі, асабістыя прыёмы грамадзян, здавалася б, запыты былі пачуты. І на 2020 год запланавана доўгачаканае асфальтаванне, навад сродкі выдзелілі, а ДРБУ-200 заказала праектна-каштарысную дакументацыю на добраўпарадкаванне дарогі. Аднак тады фінансаванне перанакіравалі на іншую дарогу, а зробленая праектна-каштарысная дакументацыя страціла сваю актуальнасць. Рамонтныя работы перанеслі на 2022 год. У красавіку – маі 2022 года Камітэт дзяржкантролю Брэсцкай вобласці праводзіў планавую праверку «Брэстаблдарбуда», у тым ліку аналізаваў абгрунтаванасць уключэння аб’ектаў рэгіёна ў Дзяржаўную праграму «Дарогі Беларусі» на 2021–2025 гады. Выяўлена, што на аўтадарозе Н-2 «Ганчары –
Куршынавічы – Ганцавічы» быў выкананы бягучы рамонт гравійнага пакрыцця. Гарантыйны тэрмін устанавілі да канца лютага 2023 года. А гэта значыла, што да пачатку сакавіка 2023 года ніхто не меў права ўладкоўваць тут асфальт.
Сёлета абяцанне стрымана. Па словах Ігара Піліногі, на аб’екце задзейнічана брыгада пад кіраўніцтвам майстра ДРБУ-200 Яўгенія Занько.
Дарэчы, рух аўтатранспарту на рамантуемым участку дарогі не спыняецца, уведзены абмежаванні скорасці тэхнікі. Вадзіцелям неабходна быць уважлівымі і асцярожнымі.
Гэта не адзіныя дарожныя абнаўленні на Ляхавіччыне, што праводзіць сёлетнім летам ДРБУ-200. Вось толькі некаторыя з найбольш маштабных. У вёсцы Сваятычы ў накірунку Яцвезі будзе рэканструяваны дарожны мост, на што выдаткоўваюцца сродкі з абласнога бюджэту. Адразу пасля таго, як камунгас навядзе парадак пасля праведзеных работ у Галаўнінцах, пачнецца рамонт дарог у сталіцы раённых «Дажынак». Наступны аб’ект –
асфальтаванне пад’езда да малочнатаварнай фермы ў вёсцы Літве.

Галіна КАНЬКО.

Уладзімір ПЛЕСКАЦЭВІЧ, старшыня Ганчароўскага сельвыканкама:
– Гэта дарожнае пытанне патрабавала неадкладнага вырашэння. Хто хоць аднойчы ехаў па гэтай дарозе, на сабе адчуў «камфорт» паездкі. Ды і здароўю чалавека мала прыемнага ад язды па такіх выбоінах. Пастаянныя падсыпкі і ямачны рамонт прыносілі нязначную палёгку на кароткі час, потым дарога зноў ператваралася ў паласу перашкод з ямамі і выбоінамі. Мясцовыя жыхары звярталіся і ў сельвыканкам, і ў раённыя інстанцыі. Лічу, справа зрушылася пасля калектыўнага звароту ў аблвыканкам. Летась у жніўні у Куршынавічах правялі сход грамадзян, на якім прысутнічалі прадстаўнікі аблвыканкама і райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, «Брэстаблдарбуда».Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч і намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк падтрымалі ініцыятыву вяскоўцаў і паабяцалі ўключыць у раённую праграму добраўпарадкавання дарог на 2023 год асфальтаванне гэтай аўтамабільнай дарогі. Зараз мары землякоў звязаны з тым, каб пакладзены асфальт добра замацаваўся на дарозе.

Яніна ГАЦУРА, жыхарка вёскі Новыя Буды:
– Канешне,задаволены, што, у рэшце рэшт, работы вядуцца. Шмат прайшлі, каб дачакацца асфальтавай дарогі. Кожная паездка была сапраўдным выпрабаваннем як для транспарту, так і для людзей. Не паспявалі мяняць у аўтамабілях запчасткі. А як жа пакутавалі жыхары Куршынавічаў, чые дамы пры дарозе, – пыл слупом пасля кожнай праехаўшай машыны. Удзячны кіраўніцтву вобласці, раёна, што нас пачулі і выканалі дадзенае абяцанне. Цяпер спадзяёмся, што асфальт будзе пакладзены якасна – гэта ўжо на сумленні дарожнай арганізацыі. Хочацца, каб і на астатнім участку дарогі да Ганцавіч таксама паклалі асфальт.