Андрэй КОКТЫШ, дырэктар ААТ «Шлях новы», старшыня раённага аграпрамысловага саюза

– Перад пачаткам Усебеларускага народнага сходу асабіста ў мяне ўзнікалі некаторыя пытанні, калі вывучаў праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады. Але падчас выступлення Прэзідэнта атрымаў на ўсе пытанні адказы. Кіраўнік дзяржавы зразумела, дакладна акрэсліў стан спраў у краіне і на знешнепалітычнай арэне, агучыў бліжэйшыя перспектывы і тыя задачы, што стаяць перад беларусамі. Было прыемна ў чарговы раз пачуць ад Кіраўніка дзяржавы высокую адзнаку працы аграрыяў. І прыемна, што працаўнікі «Шляху новага» таксама добрасумленна і плённа працавалі сёлета і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. З асаблівым гонарам назіраў, як апладзіравалі удзельнікі УНС сапраўднаму герою хлебнай нівы – камбайнеру, які намалаціў 8 тысяч тон збожжа. Вось прыклад для пераймання! У нашым сельгаспрадпрыемстве пакуль яшчэ такіх вынікаў няма, але сваіх рэкардсменаў падчас жніўнай кампаніі нямала. Будзем працаваць!

Разам з тым, гаворачы пра поспехі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што працоўны рэкорд стаў магчымы дзякуючы развіццю сельскай гаспадаркі, перадавым тэхналогіям. Адначасова з дасягненнямі, як справядліва падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, неабходна пазбаўляцца і ад праблемных момантаў у сельскай гаспадарцы. Па-ранейшаму маюць месца парушэнні ў вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліне, узнікаюць кадравыя пытанні, неабходна ўдасканальваць кармавую базу. У «Шляху новым» прадаўжаем рабіць стаўку на мадэрнізацыю – запланавалі будаўніцтва сучаснай малочнатаварнай фермы ў Бажках, працуем над рацыёнам жывёлы, абнаўляем тэхніку. Асаблівая ўвага – на кадры, імкнёмся не толькі запрасіць на работу маладых спецыялістаў, але і стварыць для іх такія ўмовы, каб замацаваць у гаспадарцы. У нашым калектыве моладзі – зялёнае святло, і большасць з маладых – адказныя, працавітыя і неабыякавыя.

Дэлегаты УНС аднагалосна прынялі Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бліжэйшую пяцігодку. Усе сем прыярытэтаў праграмы значныя для народа, і ўсе яны павінны быць выкананы. Галоўнае – усім разам, кожнаму на сваім працоўным месцы, у сям’і выконваць абавязкі, і ўсё атрымаецца. Для жыхароў сельскай мясцовасці, як і для такіх малых гарадоў, як Ляхавічы, найбольш важным назаву прыярытэт «Моцныя рэгіёны».
Вельмі хочацца, каб малая радзіма квітнела і развівалася.