У фармаце рэпетыцыі. У Ляхавічах пунктам для праходжання ЦРЭ была вызначана гімназія

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

27 студзеня прайшла другая ў гісторыі беларускай адукацыі рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену. У Ляхавічах пунктам для праходжання пробнага выпрабавання была вызначана гімназія.

Сюды школьныя аўтобусы раніцай дастаўлялі адзінаццацікласнікаў з устаноў адукацыі раёна ў суправаджэнні педагогаў. Сёлета навучэнцам трэба было прыбыць за 30 мінут да пачатку РЦЭ. Арганізаванымі групамі разам са сваімі настаўнікамі юнакі і дзяўча-
ты накіроўваліся ў гімназію, куды быў адкрыты ўваход толькі па пропусках і на падставе дакумента, які сведчыць асобу.
Кантроль за праходжаннем рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену ў Ляхавічах ажыццяўлялі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская, намеснік старшыні райвыканкама Галіна Бацэнка, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік, а таксама прадстаўнік Міні-стэрства адукацыі Таісія Чахлова.
– Усе арганізацыйныя моманты былі прадуманы да дробязяў. Таму не было ні чэргаў, ні стоўпатварэння. Рэпетыцыя ЦЭ прайшла ў штатным рэжыме і з выкананнем усіх патрабаванняў, з узаемадзеяннем з медыкамі, РАУС і РАНС. Для праходжання РЦЭ былі зарэгістраваны 133 навучэнцы з устаноў адукацыі Ляхавіцкага раёна, шэсць з іх не з’явіліся па ўважлівых прычынах. Выдаленых з экзамену не было. Умовамі правядзення РЦЭ ў гімназіі задаволены ўсе назіральнікі, і заўваг мы не атрымалі, – расказала «ЛВ» начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік. Яна падкрэсліла, што рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену дапамагае адзінаццацікласнікам праверыць свае веды па вучэбных прадметах і дазваляе ўбачыць прабелы і ўхіліць іх да мая.
Такім чынам у Ляхавічах у РЦЭ прынялі ўдзел 127 адзінаццацікласнікаў, якія здавалі экзамены на выбар па дзесяці прадметах. Сярод іх найбольш папулярнымі сталі матэматыка, біялогія і англійская мова. Пра свае вынікі адзінаццацікласнікі даведаюцца праз два-тры тыдні.
Пасля кантрольнай місіі на РЦЭ начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская пабывала ў СШ № 1 і СШ № 2, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, СПЦ, ЦДАДіМ і каледжы, дзе цікавілася вучэбна-выхаваўчым працэсам, матэрыяльна-тэхнічнай базай і прафпадрыхтоўкай старшакласнікаў. У ЦДАДіМ гурткоўцы і педагогі падарылі Наталлі Каліноўскай юбілейны лагатып Першага рэгіёна, выраблены да 85-годдзя Брэстчыны.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Карэспандэнт «ЛВ» пацікавіўся ў старшакласнікаў іх чаканнямі і ўражаннямі ад РЦЭ.

Крысціна ПЕТУХОВА (Востраўская СШ):
– Рэпетыцыя прайшла па тых самых правілах, па якіх праходзім і ЦТ. Такое тэставае выпрабаванне дазваляе загадзя адчуць атмасферу экзамену, які будзе ў маі. На РЦЭ здавала гісторыю Беларусі, і толькі адно пытанне ў частцы В выклікала складанасць. Астатнія ж заданні былі ў рамках школьнай праграмы, некаторыя паўтараліся з рэпетыцыйнага тэсціравання. Да экзамену па гісторыі Беларусі пачала рыхтавацца яшчэ ў дзявятым класе і зараз працягваю надаваць павышаную ўвагу гэтаму прадмету. Для нас, навучэнцаў, на РЦЭ былі створаны такія ўмовы, каб мы ў спакойнай абстаноўцы змаглі пазнаёміцца з заданнямі і выканаць іх без уплыву старонніх фактараў.
Таццяна КУЧУК (СШ № 1):
– Вучуся ў класе з хіміка-біялагічным профілем, і на яго ўзроўні заданні па хіміі не выклікалі ў мяне цяжкасцяў. У параўнанні з першым этапам РТ пытанні ў частцы В здаліся на парадак лягчэйшымі. Заданні з часткі А цалкам са школьнай праграмы, у частцы В, адпаведна, больш складаныя. Але ўсё зразумела і даступна. Калі параўноўваць РЦЭ з рэпетыцыйным тэсціраваннем, то РТ было больш складаным. РЦЭ, лічу, арганізаваны на высокім узроўні. Вялікая колькасць настаўнікаў не давала разгубіцца – нас суправаджалі ад уваходу ў гімназію да вучэбных кабінетаў. Усё спакойна і добразычліва. Працаваў таксама буфет, дзе пасля экзамену можна было перакусіць.

Сяргей ЛАБАНАЎ (СШ № 2):
– На РЦЭ здаваў фізіку. Рыхтуюся па прадмеце другі год. І скажу, што заданні экзамену рашаемыя. У дзвюх частках у асноўным сустракаюцца тэмы па механіцы і электрастатыцы. Усе пытанні ў асноўным са школьнай праграмы, і з імі ўжо сустракаўся падчас падрыхтоўкі, а таксама падчас РТ. Паспеў праверыць ужо свае веды на РТ па фізіцы, матэматыцы і рускай мове. І на РЦЭ можна было знайсці пытанні, падобныя на РТ. Зручна, што экзамен праводзіцца на месцы, у Ляхавічах, і ўсіх навучэнцаў ад школы цэнтралізавана даставілі ў гімназію, а пасля і назад у школу.