Адказ адназначны – іду галасаваць

У наш час нельга заставацца абыякавым да падзей, што адбываюцца ў грамадстве. Тым больш да такой лёсавызначальнай для краіны палітычнай кампаніі, як выбары. Гэта маё меркаванне як патрыёта сваёй краіны, мамы двух дзяцей, члена самай маладой партыі суверэннай Беларусі «Белая Русь».
Электаральная кампанія – 2024 асаблівая. Упершыню ў адзіны дзень галасавання беларусы будуць выбіраць дэпутатаў розных
узроўняў – тых, ад дзейнасці каго ў многім залежыць, як будуць развівацца населены пункт, раён, вобласць, уся рэспубліка. Таму, адказнасць кожнага выбаршчыка ўзрастае ў разы. Канешне, абавязкова пазнаёмлюся праз агітацыйныя праграмы з кожным прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат, яго перадвыбарнай праграмай, каб зрабіць асэнсаваны выбар і даверыць прадстаўляць свае інтарэсы кампетэнтнаму кандыдату ў дэпутаты. Ведаю ўжо і кандыдатаў у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў па маёй выбарчай акрузе. І з прэтэндэнтамі на месца ў ніжняй палаце Нацыянальнага сходу пазнаёмілася. І прыемна, што там адразу два прозвішчы, якія добра вядомы ў нашым раёне – пра прафесійную іх дзейнасць ведаюць землякі.
Пытанне, ісці ці не на выбары, для мяне ніколі не існавала. Адказ адназначны: як толькі дасягнула 18-гадовага ўзросту і па Канстытуцыі атрымала права ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, абавязкова аддавала свой голас і ў выбарах дэпутатаў, і ў выбарах Прэзідэнта краіны.
Выбары – гэта не проста электаральная кампанія, а важная падзея. Прыход на выбарчы ўчастак – пацвярджэнне сваёй грамадзянскай пазіцыі. Аддаючы голас таму ці іншаму кандыдату, кожны з нас не толькі выконвае свой канстытуцыйны абавязак, але і бярэ адказнасць за будучыню сваіх дзяцей, унукаў, за шчаслівае заўтра незалежнай Беларусі.
Сёлетнія выбары – не першая электаральная кампанія, калі можна прагаласаваць датэрмінова, што даволі зручна. Напрыклад, я ў якасці назіральніка ад партыі «Белая Русь» буду прысутнічаць на выбарах, таму галасаваць буду ў адзін з пяці дзён датэрміновага галасавання.

Марына ЗАВАДСКАЯ, намеснік старшыні раённага аддзялення
Беларускай партыі «Белая Русь»