За крок да сельскагаспадарчай вясны. Што ўяўляе сабой сельскагаспадарчы «гараж» Ляхавіччыны

На службу хуткай ужо веснавой палявой кампаніі аграрыі раёна здольны паставіць больш за дзве з паловай сотні адзінак трактарнай тэхнікі

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

У адрозненне ад свайго папярэдніка (а студзень у гэтым годзе быў дастаткова марозным і звышнарматыўна снежным), першая палова лютага выдалася ўпаўне сабе вясновай. Дзённыя тэмпературныя плюсы ў кампаніі з перыядычнымі дажджамі досыць хутка пераўтварылі яшчэ ўчора багатае снежнае покрыва палёў у пажыўную для іх жа вільгаць. Што, безумоўна, з’яўляецца агратэхналагічным плюсам. У сувязі з чым і напярэдадні сельскагаспадарчай вясны ўзгадваецца актуальна-класічнае: многа снегу – многа хлеба.

Але гэта свайго роду бонус, а каб яравыя палеткі з патэнцыяльна ўраджайных сталі такімі на самай справе, залежыць ад кіраўніцтва і работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. І ў першую, і ў другую чаргу. Наколькі прадукцыйна для апошніх склаўся і працягвае складвацца падрыхтоўчы да яравых работ перыяд,
у такой жа ступені можна разлічваць на паспяховае – ураджайнае – яго завяршэнне.
Важным з’яўляецца ўсё: колькасная паўната і якасны складнік насенных нарыхтовак, запасы і відавая збалансаванасць сродкаў паляпшэння ўрадлівасці сельгаснівы, у якой ступені адладжанасці і гатоўнасці да выхаду на яравы палетак знаходзіцца парк тэхнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Размову пра насенне, мінеральныя ўдабрэнні і арганіку пакінем пра запас, засяродзімся на трактарах, агрэгатах і механізмах для апрацоўкі глебы, машынах па ўнясенні ў яе сродкаў паляпшэння ўрадлівасці і іншым актуальным на этапе яравых работ «жалезе».
– Трактароў розных тыпаў, камбінаваных глебаапрацоў-
чых і апрацоўча-пасяўных агрэгатаў, машын для ўнясен-
ня ўдабрэнняў-угнаення і іншых неабходных у гаспадарках аграпрамысловага сектара нашага раёна, лічу, больш чым дастаткова для якаснага і своечасовага вырашэння комплексу надыходзячых яравых задач. Вядома, пры ўмове, што на момант пачатку работ усе яны атрымаюць палявую гатоўнасць, – сцвярджае профільны галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Глобаж.
Дык што ўяўляе сабой сельскагаспадарчы «гараж» Ляхавіччыны, і наколькі ён адпавядае аналагічнаму сярэднеабласному? Калі коратка – упаўне сабе. Напрыклад, што тычыцца трактароў, то на сёння іх у гаспадарках раёна налічваецца 270 адзінак.
Розных тыпаў, характарыстык, паказчыкаў энергаўзброенасці. У тым ліку 43 энерганасычаныя, роля і значэнне якіх у вытворчай дзейнасці прадпрыемстваў апошнім часам усё больш павялічваецца. Па стане
на апошнія дні студзеня, гатоўнасць трактарнага парка АПК раёна, па словах Дзяніса Глобажа, складае амаль
90 працэнтаў. Што прыблізна параўнальна з аналагічным сярэднеабласным паказчыкам. А па энерганасычанай трактарнай тэхніцы раён ідзе з некаторым апярэджаннем вобласці. Наша гатоўнасць складае каля 88 з паловай працэнтных пунктаў, у той час як вобласць паказвае прыкладна на паўпрацэнта больш нізкі каэфіцыент «энерганасычанай» гатоўнасці.
Найбольшай трактараёмістасцю ў раёне адрозніваецца ААТ «Жарабковічы». Пры неабходнасці гаспадарка гатова аднамаментна паставіць пад нагрузку 72 трактары. У тым ліку дзясятак энерганасычаных «Беларусаў», «Кіраўцаў» і іх «аднакласнікаў». Варта асоба адзначыць, што гэта магутная дзясятка ўжо на канец студзеня была прыведзена ў рабочую гатоўнасць, і той факт, што параўнальна нядаўна папоўнілася новым «Беларусам-3522» і «Кіраўцам К-742». І гэта акрамя менш магутнай машыны зборкі Мінскага трактарнага і некалькіх адзінак прычапной сельскагаспадарчай тэхнікі.
Камбінаваныя глебаапрацоў-чыя агрэгаты, якіх у аграрыяў раёна налічваецца 31 адзінка, ужо сёння на 97 працэнтаў гатовы выйсці ў поле. І толькі адзін з іх, які належыць закрытаму акцыянернаму прадпрыемству, па стане на 29 студзеня значыўся ў ліку няспраўных.
Нядрэннай здаецца і статыстыка з камбінаванымі глебаапрацоўчымі пасяўнымі агрэгатамі. З 19 актуальна наяўных у раёне адзінак пытанні з пазіцый няспраўнасці ёсць у адносінах толькі
да дзвюх з іх.
Выхаду на яравыя палеткі раёна чакаюць таксама больш за тры дзясяткі машын для ўнясення цвёрдых мінеральных удабрэнняў,
прыкладна столькі ж іх аналагаў па рабоце з цвёрдымі арганічнымі ўгнаеннямі і іншай сельгастэхнікай для работ
на першым этапе яравой кампаніі 2024 года.
Па словах Дзяніса Глобажа, у інжынерных службаў сельгаспрадпрыемстваў раёна зараз, так бы мовіць, свое-
асаблівая сесія, экзаменацыйны перыяд. З 6 па 28 лютага ў кожным з прадпрыемстваў дзяржаўнага аграсектара
раёна адбудзецца дзяржаўны тэхнічны агляд колавых трактароў, прычэпаў да іх і самаходных сельскагаспадарчых машын ранневеснавога ўжытку. Далей – больш:
па меры пашырэння палявога сезона перад камісіяй па правядзенні дзяржтэхнагляду паўстануць самаходная корма- нарыхтоўчая тэхніка, збожжа-, ільно- і буракаўборачныя камбайны і іншае. Камісія створана і працуе ў адпаведнасці з мэтавым рашэннем раённага выканаўчага камітэта. Яе кіраўніком прызначаны галоўны спецыяліст сектара механізацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзяніс Глобаж, сярод членаў камісіі значацца галоўныя спецыялісты райсельгасхарчу
і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне
райвыканкама, прадстаўнік аддзялення ДАІ РАУС. Для кожнага суб’екта гаспадарання прызначаны свой дзень правядзення дзяржтэхагляду.
У першую чаргу, камісія зверне ўвагу на пашпартную
функцыянальнасць машын, забеспячэнне іх бяспечнай
эксплуатацыі на ўсіх этапах і рэжымах яе як комплекснай эксплуатацыі, так і што тычыцца работы асобных
агрэгатаў, вузлоў і механізмаў. Галоўным звяном любога
вытворчага працэсу застаецца чалавек, яго здароўе і бяспека. Усё астатняе таксама важна, аднак не прыярытэтнае.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.