Хачу стаць афіцэрам. У мінулы панядзелак у ГДК прайшла прафарыентацыйная сустрэча

Старшакласнікі на парозе вялікага прафесійнага выбару. У дапамогу ім – прафарыентацыйныя сустрэчы. Чарговая прайшла ў мінулы панядзелак у ГДК і прысвячалася паступленню ў ваенныя вучэбныя ўстановы Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Арганізатары сустрэчы – адасобленая група Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіц-кага і Ляхавіцкага раёнаў і аддзел па адукацыі райвыканкама – прымеркавалі яе і да месячніка ваенна-патрыятычнага выхавання, які праходзіць зараз ва ўстановах адукацыі Ляхавіччыны.
Іграў духавы аркестр воінскай часці 7404, ваенныя прэзентавалі ўзоры спецсродкаў і зброі, якая маецца на ўзбраенні ў беларускай арміі. Юнакі і дзяўчаты з інтарэсам трымалі яе ў руках і рабілі фотаздымкі на памяць. Вырашылі ўзгадаць армейскае мінулае і многія кіраўнікі па ваенна-пат-рыятычным выхаванні – майстэрскі збіралі-разбіралі аўтаматы.
Перад навучэнцамі 10-11-х класаў выступілі прадстаўнікі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, ваенных факультэтаў БНТУ, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама прадстаў-нікі воінскай часці 7404 г. Баранавічы.
Пра адметнасці і перавагі кожнай з ВНУ, парадак прыёму і камплект дакументаў, неабходны для паступлення ў ваенныя вучэбныя ўстановы, і на многія іншыя пытанні пачулі адказы будучыя абітурыенты.
– Быць ваенным – прэс-тыжна і ганарова. Тым юнакам і дзяўчатам, якія маюць добрае здароўе і атэстат і жадаюць стаць кадравымі ваеннымі, абараняць сваю Айчыну, рэкамендую выбраць прафесію афіцэра. На перыяд вучобы курсанты забяспечваюцца ўсімі відамі забеспячэння, у тым ліку стыпендыяй і жыллём. Усім, хто сёлета вырашыў паступаць у ваенныя ВНУ, неабходна да 1 красавіка звярнуцца ў адасобленую групу Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята, –падкрэслівае начальнік адасобленай групы Арцём Кірута.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Крысціна КРУГЛІК (Начаўская СШ):
– Добра, што да нас прыязджаюць прадстаўнікі розных навучальных устаноў. Мне асабліва спадабалася Ваенная акадэмія і яе факультэты псіхалогіі і ўнутраных войскаў. Абавязкова парэкамендую сваім сябрам і знаёмым.

Сяргей САЎЧЫК(Малагарадзішчанская СШ):
– Не першы раз прымаю ўдзел у прафарыентацыйных мерапрыемствах. Хоць я
і не планую звязваць сваё жыццё з арміяй, было цікава
паслухаць і патрымаць у руках розныя віды зброі. Хачу стаць добрым спецыялістам і працаваць на Ляхавіцкім малочным заводзе.