Выбар асэнсаваны, голас – за дастойных

Удзел у выбарах – справа не асабістая, а дзяржаўнай важнасці. Бо ад выбару кожнага залежыць, хто будзе прадстаўляць нашы інтарэсы ў мясцовых Саветах дэпутатаў, у Парламенце, а значыць – заўтрашні дзень, будучыня дзяцей і ўнукаў. Для мяне як шматдзетнай маці гэта надзвычай важна, бо жадаю толькі лепшага сваім дзецям: каб яны жылі, вучыліся ў свабоднай і незалежнай краіне, каб маглі рэалізаваць свае мары, атрымаць прафесійную адукацыю.
Ці пайду я на выбары? Адказ толькі адзін – абавязкова. Я грамадзянін сваёй краіны, я мама траіх дзяцей. І я ўдзячна дзяржаве за клопат пра мнагадзетныя сем’і. Наша сям’я не выключэнне, у поўнай меры адчуваем падтрымку ў выглядзе шматлікіх ільгот. Наша сям’я, як і іншыя, атрымала сямейны капітал. У школе сын і дачка харчуюцца бясплатна, малодшы сын ходзіць у дзіцячы садок, як мнагадзетная сям’я аплачваем за сад 50 працэнтаў. Штогод райвыканкам аказвае матэрыяльную дапамогу пры падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года. Усё ў парадку ў нашай сям’і і з работай, я працую
ў ТАА «Трансэлектрабуд», муж – у лясгасе, жывём ва ўласным доме. І бадай самае важнае – вакол мір і спакой, не страшна выпускаць дзяцей на вуліцу, зарабляем дастойную зарплату, нямала магчымасцей для рэалізацыі творчых здольнасцей дзяцей.
Хацелася б, каб будучыя дэпутаты часцей сустракаліся з выбаршчыкамі, па магчымасці дапамагалі ў вырашэнні менавіта тых пытанняў, якія найбольш актуальныя. Лічу, што прэтэндэнт на дэпутацкі мандат павінен быць неабыякавым добрасумленным чалавекам, адданым свайму народу, адстойваць інтарэсы выбаршчыкаў і сапраўды ім дапамагаць.
Планую галасаваць у асноўны дзень – 25 лютага, так больш святочна, ды і ўчастковая камісія працуе з 8 да 20 гадзін, можна выбраць больш зручны час, каб прыйсці на выбарчы ўчастак сям’ёй.
Важны голас кожнага выбаршчыка, таму мы з мужам дакладна прагаласуем, не будзем заставацца ўбаку ад такой вызначальнай для ўсёй краіны падзеі.

Надзея ФІРУСЬ, эканаміст ТАА «Трансэлектрабуд»