Тайнае стала яўным. Што здарылася ў двары аднаго з дамоў шматкватэрнай забудовы па завулку Южакова ў Ляхавічах

Сітуацыя, што здарылася ў двары аднаго з дамоў шматкватэрнай забудовы па завулку Южакова ў Ляхавічах, не адзінкавая. На жаль, даводзіцца канстатаваць, такія выпадкі па-ранейшаму маюць месца.
Але пра ўсё падрабязней. На адзіны нумар дыспетчарскай службы 115 паступіла паведамленне, што ў двары дома № 5а па завулку Южакова чарговы раз утварыўся стыхійны сметнік. Адзін з жыльцоў дома вынес у двор рэшткі будаўнічых матэрыялаў, іншыя адходы, што ўтварыліся падчас рамонту кватэры. А іншыя нядбайныя гаспадары да будаўнічых адходаў дабавілі бытавое смецце – і вырасла гара…
– Пасля таго, як было ўзнята пытанне, работнікі камунгаса выйшлі на месца. Па камерах відэаназірання адсачылі ланцужок стварэння стыхійнай звалкі. Адзначу, што гэта тэма менавіта ў двары ўказанага дома ўздымалася і раней. Нават устанавілі шыльду з паведамленнем, што вядзецца відэаназіранне, звалка смецця забаронена. Але некаторыя грамадзяне прадаўжаюць парушаць правілы добраўпарадкавання і разводзяць антысанітарыю, – адзначае дырэктар КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
Канешне, пакідаць сітуацыю без разгляду было нельга.
Таму камісія ў складзе прадстаўнікоў камунгаса, РАУС, райЦГіЭ адправілася ў дом № 5а. «Аўтара» незаконнага сметніка «вылічылі». Пад націскам зафіксаваных доказаў гаспадыні адной з кватэр нічога не заставалася, як прызнацца ў зробленым. Яна прыйшла ў камунгас і заказала платную паслугу на вываз будаўнічых адходаў камунальнай тэхнікай. Як расказалі ў камунгасе, грамадзянцы выдадзена прадпісанне і вынесена папярэджанне.
Згодна з артыкулам 22.10 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за загрувашчванне вуліц, плошчаў, двароў, іншых земляў агульнага карыстання будаўнічымі матэрыяламі ці іншымі прадметамі, на грамадзян накладаецца штраф да 5 базавых велічынь, за парушэнне іншых правілаў добраўпарадкавання, за невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану – да 25 БВ.
– Праблемныя моманты, звязаныя з утварэннем звалак з рэшткаў будаўнічых адходаў, для Ляхавіччыны актуальныя. Акрамя ўзгаданага адраса, яны фіксаваліся ў іншых дварах шматкватэр-
нікаў па вуліцах Будаўнікоў, Южакова, па завулку Фестывальным. Неаднаразовыя факты адзначаліся і па вуліцы Арлоўскага. Была аналагічная праблема і ў Галаўнінцах. Нярэдкія выпадкі складзіравання будаўнічых адходаў, старой мэблі каля кантэйнерных пляцовак, – каменціруе праблему памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Данута Багдановіч.
Калі разбіраешся ў такога кшталту сітуацыях, заўжды ўзнікае абурэнне: няўжо людзям не сорамна забруджваць месца,
дзе гуляюць уласныя дзеці, адпачываюць суседзі, ходзяць землякі. Які прыклад паказваем падрастаючаму пакаленню? Няўжо прыемна бачыць такую «прыгажосць», створаную ўласнымі рукамі? Пра гэту тэму можна разважаць бясконца.
Але пакуль кожны з нас не ўсвядоміць сваю адказнасць і не адчуе сябе не толькі гаспадаром ва ўласным доме ці кватэры, але і месцах агульнага карыстання – суцэльнага парадку дабіцца цяжка.
Што тычыцца вывазу будаўнічых адходаў, то алгарытм дзеянняў даволі просты.
– Калі ёсць ўласны транспарт для вывазу адходаў, то грамадзяніну дастаткова звярнуцца ў камунгас і аплаць кошт паслугі за тое, што адходы могуць быць завезены на палігон ЦКА. Пры адсутнасці транспарту, яго можна заказаць у камунгасе. Дарэчы, гэтыя віды паслуг даволі запатрабаваны ў жыхароў раёна, – удакладняе намеснік дырэктара камунгаса Віталій Калупановіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.



