Цяпло нашых сэрцаў у квадраце. Ляхавіцкая раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» і аб’яўляе дабрачынную акцыю

У Год беларускай жанчыны чарговай ініцыятывай з адценнем клопату і пяшчоты прадаўжае марафон добрых спраў Ляхавіцкая раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» і аб’яўляе дабрачынную акцыю «Цяпло нашых сэрцаў».

– Мы пачынаем новую гісторыю добрых спраў, што распачаліся яшчэ ў 2018 годзе. Удзел у акцыі могуць узяць неабыякавыя і творчыя зямлячкі, якія ўмеюць вязаць. Тут не патрабуецца ніякіх асаблівых навыкаў, прыдумак. Няма пэўных патрабаванняў і да колеру нітак, іх структуры. Дастаткова двайной ніткай спіцамі ці кручком вязаць квадраты памерам 20 на 20 сантыметраў. З 18 лютага па 20 сакавіка можна перадаць гатовыя квадраты ў аддзяленне тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па адрасе: горад Ляхавічы, вуліца Леніна,54. Усе квадраты будуць злучаны, і атрымаюцца яркія і цёплыя пледы памерам 1,2 на 2 метры. Несумненна, кожны выраб стане не толькі прыгожым, але і арыгінальным. І, галоўнае, у кожным будзе часцінка дабрыні, пяшчоты і любві нашых зямлячак. Запрашаем ляхавічанак усіх узростаў праявіць актыўнасць і ініцыятыву і падарыць сваю ўвагу тым, каму гэта вельмі неабходна, – адзначае старшыня
РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Вольга Бурак.

Ужо вядомыя і адрасы, куды адправяцца цёплыя падарункі. Плануецца, што пледы зробяць больш утульным жыццё пастаяльцаў аддзялення кругласутачнага знахо-джання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН у Тальмінавічах.
Хочацца спадзявацца, што як мага больш жыхарак Ляхавіччыны адгукнецца на цёплую прапанову і ўласным прыкладам
пакажа, якія спагадлівыя нашы зямлячкі, гатовыя дапамагчы і падтрымаць тых, каму гэта найбольш неабходна.
А да вядомага выразу «прыгажосць выратуе свет» хочацца дадаць, што пяшчота і клопат іншы раз лечаць не горш, чым лекі.

Галіна КАНЬКО.