На тэхагляд. На Ляхавіччыне пачаліся гадавыя дзяржаўныя тэхнічныя агляды сельскагаспадарчых і іншых спецыяльных машын

Механізатар ААТ «Жарабковічы» Анатолій Чаркас.

З надыходам другой дэкады лютага на Ляхавіччыне пачаліся гадавыя дзяржаўныя тэхнічныя агляды сельскагаспадарчых і іншых спецыяльных машын.

Зіма адлічвае апошнія каляндарныя дні. Яе сёлетняя сцюдзёнасць, верагодна, не стала палёгкай у рабоце брыгад і спецыялістаў па рамонце і абслугоўванні сельгасмашын і механізмаў. На машынных дварах асобных суб’ектаў гаспадарання раёна мелі месца выпадкі «перамярзання» прыстасаванняў для мыцця машын. Ды і якое мыццё пры 20-градусным мінусе? Тым не менш, штатны сезонны рамонтны перыяд у прадпрыемстваў аграрнага сектара завяршаецца. І, як паведаміў галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзяніс Глобаж, быў ён больш складаным за, напрык-лад, мінулагодні.
Першымі перад камісіяй належыць паўстаць колавым трактарам і прычэпам да іх, самаходным машынам для выканання спецсельгасработ. Парк названай тэхнікі ў сельгаспрадпрыемствах нашага раёна адрозніваецца маштабнасцю і разнастайнасцю. Адно толькі трактароў налічваецца ледзь ці не 220 адзінак, з якіх 23 энерганасычаныя. Яшчэ – многія дзясяткі трактарных прычэпаў і рознага віду пагрузчыкаў, апырсквальнікі.
Праходжанне дзяржтэхагляду названымі відамі тэхнікі мусіць завяршыцца ў раёне 27 лютага. Некалькі дзён гаспадаркам на «работу над памылкамі», а там і хуткі выхад у поле.
У 2026 годзе дзяржтэхагляд пачынаецца і будзе завяршацца ў ААТ «Жарабковічы». Першай на выставачна-ацэначную лінейку будзе пастаўлена тэхніка вытворчых участкаў «Сваятычы», «Падлессе» і «Тальмінавічы» ААТ «Жарабковічы».
– Яе там не так ужо і шмат. Так што ёсць верагоднасць управіцца за адзін працоўны дзень. А вось на цэнтральны ўчастак гаспадаркі плануем наведацца 27 лютага і прысвяціць тэхагляду поўны рабочы дзень. Прычына – асабліва вялікі масіў жарабковіцкай тэхнікі, – гаворыць Дзяніс Глобаж.
17 лютага тэхаглядная камісія мае намер наведацца на машынны двор ЗАТ «Белпрампрыбор», на наступны дзень у СУП «Белазем’е». 20 лютага абяцае стаць днём «ісціны» для тэхнікі СВК «Ляхавіцкі», 24 – для ААТ «Нача», а 25 – для ААТ «Шлях новы».
Дзяржтэхагляд трактароў, прычэпаў і спецсельгасмашын прадоўжыцца ў раёне і ў сакавіку. Напрыклад, 4 сакавіка інспектары плануюць адпрацаваць тэхніку ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Апошні тыдзень красавіка «аддаецца» пад тэхагляды самаходнай корманарыхтоўчай тэхнікі. Першы летні месяц стане часам для тэхаглядаў збожжаўборачнай і самаходнай ільноўборачнай тэхнікі. А, напрыклад, для буракаўборачных камбайнаў і самаходных буракапагрузчыкаў у раённым графіку дзяржтэхагляду прадугледжаны свой дзень – 28 жніўня.
Работа гэта мяркуе ашчаднасць, увагу да дробязяў, патрабуе павышанай адказнасці ад інспектараў.  Не дазваляе апошнім палёгкі фактычна на працягу ўсяго сельскагаспадарчага сезона.
Іван КАВАЛЕНКА.