Ідэалагічны прафесіяналізм праз прызму конкурсу

Вытворчыя паказчыкі, працоўныя дасягненні дэманструюць, як развіваецца прадпрыемства ці арганізацыя, расказваюць пра эканамічныя складнікі. Але не менш важныя і мікраклімат
у калектыве, чым жывуць працаўнікі розных узростаў, іх светапогляд, агульныя інтарэсы. Ад гэтага ідэалагічнага складніка ў многім залежыць эфектыўнасць работы ўсяго прадпрыемства. На працягу многіх гадоў на Ляхавіччыне ладзіцца раённы штогадовы агляд-конкурс на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы.
– Па выніках работы за 2025 год на конкурс было прадстаўлена 10 работ ад прадпрыемстваў устаноў і арганізацый раёна. Прыемна, што расце не толькі колькасць удзельнікаў, але і прафесіяналізм, таму вызначыць лепшых усё складаней. Галоўны вынік – зладжаныя, зараджаныя на поспех працоўныя калектывы, – адзначае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч.
Сярод конкурсных крытэрыяў – удзел у электаральных кампаніях, раённых, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах, работа ў сацыяльных сетках, прафарыентацыйная дзейнасць, стварэнне профільных малых архітэктурных формаў на тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый, правядзенне адзіных дзён інфармавання, культурна-масавая работа, афармленне стэндаў, улічваліся і іншыя аспекты. Акрамя таго, на працягу года члены журы выязджаюць у калектывы, каб на месцы азнаёміцца з рознымі напрамкамі ідэалагічнай работы.
Хто яны, самыя грамадска актыўныя і ідэалагічна зладжаныя працоўныя калектывы?
– У сваіх намінацыях у штогадовым раённым аглядзе-конкурсе
на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы па выніках 2025 года перамогу святкавалі Ляхавіцкая райбальніца, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, ААТ «Шлях новы». Кожны з пераможцаў дастойна прадставіў, як наладжана ідэалагічная работа, – удакладніла Ларыса Юшкевіч, якая з’яўляецца адным з членаў журы.
Напэўна, чытачы раёнкі, у тым ліку падпісчыкі «ЛВ» у сацыяльных сетках, не маглі не звярнуць увагу на актыўнасць і крэатыўнасць ААТ «Шлях новы» ў TіkТоk. Відэаролікі, якія паказваюць, чым жыве працоўны калектыў, як з карысцю разам праводзіць вольны час, наколькі актыўныя ў грамадскім жыцці – папулярныя ў гледачоў. А яшчэ менавіта «Шлях новы» – прадпрыемства, дзе расце колькасць членаў грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Дзякуючы тутэйшаму ідэалагічнаму актыву, тут клапоцяцца пра маладых спецыялістаў і не забываюць ветэранаў працы, ушаноўваюць лепшых работнікаў і расказваюць пра іх поспехі і здабыткі гаспадаркі. Толькі турнір па колцы дроў «Рабі, як бацька!» чаго варты! Напрыканцы мінулага года ён прайшоў ужо другі раз.
Тэматычна напоўненыя інфармацыйныя стэнды, Дошка гонару, конкурс прафесійнага майстэрства, зацікаўлены фармат правядзення адзіных дзён інфармавання – складнікі выніковай ідэалагічнай работы Ляхавіцкай райбальніцы.
На прадпрыемстве меліярацыйных сістэм упэўнены, што ідэалогія – гэта патрыятызм, павага да чалавека працы, любоў да свайго прадпрыемства, пачуццё адказнасці і гонару за Ляхавіччыну і Беларусь, яе мінулае і сёння.
У пацвярджэнне – тэматычна аформленыя інфармацыйныя стэнды, актыўная работа ветэранскай арганізацыі, важны вектар – прафарыентацыя і прапаганда прафесій меліяратараў, у тым ліку і праз выраб малых архітэктурных формаў з атрыбутыкай арганізацыі, асаблівая ўвага – на сямейныя дынастыі.
Дарэчы, стэнд, дзе прадстаўлены канкурсанты, карыстаўся папулярнасцю сярод удзельнікаў сходу гаспадарчага актыву
раёна. Прадстаўнікі працоўных калектываў цікавіліся прэзен-
тацыямі, каб пераняць вопыт, натхніцца ідэямі, ды і матывацыя самім паўдзельнічаць у аналагічным конкурсе сёлета таксама прысутнічала.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

