Традыцыі настаўніцтва. Выязныя прыёмы грамадзян – гэта і магчымасць на месцы ацаніць работу раённага суда

Выязныя прыёмы грамадзян – гэта і магчымасць на месцы ацаніць работу раённага суда.

– Я пачынаў сваю работу ў гэтым судзе, быў на чале гэтай раённай структуры. Заўжды прыемна сюды прыехаць. Ляхавіцкі суд зай-
мае моцныя пазіцыі ў плане якасці і аператыўнасці работы. Гэта добрыя традыцыі, што ўласцівы Ляхавіччыне. З кіраўніцтвам суда раёна абмеркавалі бягучыя пытанні. Прыемна, што ў раённым судзе замацоўваюцца маладыя кадры. Сённяшні кіраўнік суда Таццяна Жэрка таксама з ліку супрацоўнікаў, і я памятаю яе яшчэ вядучым спецыялістам. Традыцыя настаўніцтва і пераемнасць
вопыту – гэта пра калектыў суда Ляхавіцкага раёна, – адзначыў старшыня абласнога суда Антон Гушчын.
З 27 ліпеня 2023 г. у сувязі з уступленнем у сілу Закона Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2022 года №199-З «Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» змяняюцца правілы абскарджання судовых рашэнняў па крымінальных справах, якія ўступілі ў законную сілу. Якія навелы нясе ў сабе перагляд крымінальных спраў у касацыйнай і нагляднай вытворчасці?
– Прапанаваныя змяненні накіраваны на ўмацаванне гарантый рэалізацыі канстытуцыйнага права на судовую абарону, забеспячэнне законнасці і стабільнасці судовых рашэнняў па крымінальных справах, а таксама на недапушчэнне злоўжывання правам на судовае абскарджанне з боку недобрасумленных асоб, – пракаменціраваў Антон Гушчын.
Сярод зменняў, напрыклад, і тое, што заканадаўца абмежаваў магчымасць абскарджання судовых рашэнняў у касацыйным парадку толькі падставамі істотнага парушэння крымінальна-працэсуальнага заканадаўства і няправільнага прымянення крымінальнага заканадаўства, якія паўплывалі або маглі паўплываць на выснову аб вінаватасці, на юрыдычную ацэнку ўчыненага і на назначэнне судом пакарання або прымяненне іншых мер крымінальнай адказнасці і на рашэнне па грамадзянскім іску.
Змяненні тычацца і прадмета разгляду суда касацыйнай інстанцыі: цяпер гэта будзе скарга касатара, якая падаецца непасрэдна ў суд
касацыйнай інстанцыі. Ініцыяваць  пракурорскую праверку законнасці прысуду магчыма толькі шляхам звароту з заявай аб прынясенні касацыйнага пратэсту, а не з касацыйнай скаргай.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.