Да апошняга зярнятка і без надзвычайных сітуацый

Дзяржаўная задача на сёння – уборка хлеба. Каб яна прайшла без вогненных здарэнняў і надзвычайных сітуацый, з захаваннем дысцыпліны і парадку, сітуацыю манітораць супрацоўнікі РАНС і РАУС.
Работнікі Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць рэйды па месцах уборкі і нарыхтоўкі ўраджаю. У праграме пажарнай бяспекі – арганізацыя ведамаснага кантролю, правядзенне комплексу арганізацыйных, наглядных і прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне супрацьпажарнай бяспекі на аб’ектах АПК, сельскагаспадарчай тэхнікі, якая задзейнічана на жніве.
Намеснік начальніка РАНС Кірыл Красоўскі адзначае, што з пачатку ўборачнай кампаніі выратавальнікі сумесна з прадстаўнікамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, іншымі зацікаўленымі службамі правялі 23 рэйды па аб’ектах сельскагаспадарчых арганізацый, па выніках якіх кіраўнікам прапанавана да ўхілення 76 мерапрыемстваў.
– Кантралюецца і работа над памылкамі. Сярод найбольш частых
парушэнняў – адсутнасць або няспраўнасць першасных сродкаў пажаратушэння, няспраўнасць маланкаадводаў, несвоечасовая ачыстка будаўнічых канструкцый і інжынерных камунікацый ад пылу і смецця, якія могуць стаць прычынай узгарання. Выяўляецца таксама несвоечасовае навучанне асоб, якія задзейнічаны ва ўборачнай кампаніі па праграмах пажарна-тэхнічнага мінімуму. Пытанне забеспячэння пажарнай бяспекі ў перыяд правядзення ўборачнай кампаніі разгледжана на пасяджэнні райвыканкама, і па яго выніках прыняты адпаведныя рашэнні, – пералічвае алгарытм супрацьпажарных дзеянняў Кірыл Красоўскі.
На варце захавання ўраджаю і супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія кантралююць ход уборачнай кампаніі на аб’ектах АПК. Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук падкрэслівае, што ў перыяд уборачнай кампаніі міліцыя штодзень праводзіць рэйдавыя і прафілактычныя мерапрыемствы.
– У цэнтры ўвагі – спраўнасць тэхнікі, устанаўленне фактаў безгаспадарлівасці, прафілактыка і спыненне крадзяжоў таварна-матэрыяльных каштоўнасцей з аб’ектаў аграпрамысловага комплексу, праверка вартаўнічай аховы. Кантроль устаноўлены і за правядзеннем перадрэйсавага агляду і фізічным станам механізатараў і вадзіцеляў, за выпускам транспарту на лінію і г. д.
У складзе рэйдавых груп – супрацоўнікі АДАІ, аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі, групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Міліцыя нагадвае работнікам аб адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне супрацьпраў-ных дзеянняў, звязаных з уборачнай кампаніяй. На сённяшні дзень правераны практычна ўсе сельгасарганізацыі раёна. У адрас кіраўнікоў накіравана сем прадпісанняў аб ухіленні выяўленых парушэнняў, – адзначае Сяргей Хмарук.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.