Усе сілы – на харчовы фронт

Сёлета надвор’е істотна сапсавала планы на ўраджай. Калі летась раённы каравай заважыў рэкордную 81 тысячу тон збожжавых, то сёлета папярэдне разлічваем на 70-71 тысячу тон. Немалаважны акцэнт і на тэмпах уборкі: неабходна выкарыстоўваць кожную хвіліну сухога надвор’я, працаваць без прастояў. Пры любым раскладзе выканаць дзяржзаказ – па-іншаму быць не можа. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі назваў жніво харчовым фронтам. Ад таго, які ўраджай збяром, залежыць харчовая бяспека краіны.
А гэта значыць – каб на стале ў беларусаў быў хлеб і да хлеба,
каб быў створаны стратэгічны запас, каб без праблем правесці зімоўку для жывёлагадоўлі.

Спынюся на палявым раскладзе ў Ляхавіцкім раёне, у тым ліку на тых момантах, дзе патрэбны карэкціроўкі.
На завяршальнай стадыі зараз уборка азімых пшаніцы, трыцікале. Азімага рапсу (гэту культуру Кіраўнік дзяржавы назваў грашовай і пазітыўна ацаніў перспектывы яе вырошчвання) пакуль убрана трэцяя частка. Ураджайнасць рапсавых палеткаў на ўзроўні мінулага года: у сярэднім па раёне каля 30 цэнтнераў з гектара. У лідарах пакуль ААТ «Жарабковічы» – 39,5 цэнтнера на круг. Добра стартавала і СУП «Белазем’е» – 23,3 цэнтнера з гектара. Дарэчы, з кожным годам расце папулярнасць рапсавага алею ў насельніцтва і не толькі нашай краіны. Напрыклад, Кітай з задавальненнем купляе беларускі рапсавы алей. А на прыкладзе нашых «Жарабковічаў», дзе ёсць свой міні-завод па перапрацоўцы, можна пацвердзіць: рапс дае добры даход.
Што тычыцца збожжавых і зернебабовых, то паход за ўраджаем-2023 толькі пачаўся. Пад збожжавы і зернебабовы клін адведзена 14 308 гектараў сельгасугоддзяў. Пакуль убрана 17,5 працэнта. Асноўны тормаз – усё тое ж надвор’е. Так, у мінулую суботу толькі камбайны выйшлі ў поле – пайшоў дождж. Вымушаны былі спыніцца.
З года ў год радуе ўраджайнымі палеткамі ААТ «Жарабковічы», на жніве-2023 намалочваюць па 71 цэнтнеры з гектара. Амаль столькі ж сёлета ў ААТ «Шлях новы». Важкі вынік і ў ААТ «Нача» – 50 цэнтнераў на круг. Нядрэнна ідуць справы, улічваючы не надта ўрадлівыя землі, у ЗАТ «Белпрампрыбор» (37 цэнтнераў з гектара) і СУП «Ліпнянка» (28 цэнтнераў з гектара). Але гэта толькі пачатак, уся бітва за ўраджай яшчэ наперадзе. Таму важна канцэнтрацыя ва ўсім: падрыхтоўцы тэхнікі, забяспечанасці кадрамі і палівам, дысцыпліне, маральным складніку.
Збожжаўборачная тэхніка ў сельгаспрадпрыемствах раёна стапрацэнтна гатова да адказнейшай хлебаробскай кампаніі. Істотную ролю ў гэтым мае тэхагляд, які не толькі маніторыць, але і правярае, як праведзена работа над памылкамі па кожным факце, калі тэхніка не гатова поўнасцю да выхаду ў рэйс. Правераны стан і спраўнасць і зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. Гэтыя аб’екты маюць гатоўнасць № 1. Няма праблем з палівам і гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Як і летась, практыкуем размеркаванне паліва з адтэрміноўкай плацяжу, які будзе ўносіцца з 1 студзеня па
1 жніўня 2024 года. Ідзе завяршэнне працэсу пагашэння доўгу па паліве за мінулы год. Акрамя таго, кожная гаспадарка можа закупіць паліва за ўласныя сродкі.
Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на кадравы складнік і вытворчую дысцыпліну. Што тычыцца кадраў, то ў гаспадарках Ляхавіцкага раёна ўсе падраздзяленні, задзейнічаныя на жніве, укамплектаваны. Экіпажы камбайнераў складзены, тэхніка на адвозцы зерня замацавана за вадзіцелямі, усе ў абавязковым парадку маюць вадзіцельскія правы, няма праблем і з аператарамі на зернесушыльных комплексах. Ад іх адказнасці, дысцыпліны, якасці выконваемых работ залежыць шмат. Гэта ж тычыцца і кіраўнікоў гаспадарак, інжынераў, аграномаў, кожнага, хто мае дачыненне да ўборачнай кампаніі. Рэйдавыя групы, складзеныя з прадстаўнікоў райсельгасхарчу, супрацоўнікаў РАНС і РАУС, прафсаюзаў, манітораць ход уборачнай кампаніі. На асаблівым кантролі – арганізацыя гарачага харчавання, а таксама аплата працы тых, хто задзейнічаны на жніве.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўборка ўраджаю – справа ўсенародная. Як і ў мінулыя гады, сёлета будзе падтрымана традыцыя, калі на жніве да аграрыяў далучаюцца прадстаўнікі іншых прафесій. У прыватнасці, на Ляхавіччыне зноў у складзе экіпажаў камбайнераў, у якасці вадзіцеляў на адвозцы, а таксама на зернетаках будуць працаваць супрацоўнікі РАНС, педагогі. Людзі бяруць водпуск па асноўным месцы работы, каб папрацаваць на жніве і тым самым
зарабіць нядрэнныя грошы.
Не адмаўляюцца сельгасарганізацыі раёна і ад дапамогі школьнікаў, студэнтаў, якія ў складзе студатра-даў ці падчас другаснай занятасці задзейнічаны на падсобных работах.
Важны паказчык – стымуляванне працы ўдзельнікаў жніва. Як заўжды, у справе заахвочвання хлебаробаў да кіраўніцтва раёна і гаспадарак актыўна далучаюцца прафсаюзы, БРСМ, іншыя грамадскія арганізацыі. Праводзіцца традыцыйны конкурс лепшых на жніве. Пра перадавікоў уборачнай кампаніі можна даведацца са старонак «Ляхавіцкага весніка» і з інтэрнэт-рэсурсаў.
І сёлета будуць узнагароджвацца і ўшаноўвацца лепшыя з лепшых сярод камбайнераў, вадзіцеляў на адвозцы зерня, аператараў ЗСК: з віншаваннямі, падарункамі і песнямі. Не застануцца без увагі і маладыя сілы, а таксама сямейныя экіпажы. А ўсіх герояў жніўнай кампаніі назавуць на раённым фестывалі-кірмашы «Дажынкі», які сёлета рыхтуюцца прыняць Галаўнінцы. Спадзяёмся, што прозвішчы рупліўцаў хлебнай нівы Ляхавіччыны прагучаць і на абласных «Дажынках» у Ганцавічах.

Васілій ПЫЖЫК, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу.