Жалезны аргумент жніва. Як і па ўсёй краіне, на Ляхавіччыне разгортваецца збожжаўборачная кампанія

Як і па ўсёй краіне, на Ляхавіччыне разгортваецца збожжаўборачная кампанія. І чым далей, тым больш. З крыжакветнымі, напрыклад, раён справіўся ўжо на 30 працэнтах плошчаў. Сярэдняя ўраджайнасць рапсу, якая на пройдзеным адрэзку ўборачнага шляху ў сярэднім складае прыкладна тры дзясяткі цэнтнераў з гектара, нават досыць неблагая.
Безумоўна, як і ў любой іншай справе галоўным «аргументам» жніва з’яўляецца чалавек, дысцыплінаваны прафесіянал, які дзеля адказнейшай работы, якаснай тэрміновасці яе правядзення гатовы ахвяраваць многім. Для якога не праблема позна легчы і рана прачнуцца, законная абедзенная гадзіна нярэдка пераўтвараецца ў дзясятак-другі хвілін для прыёму ежы. Пра выхадныя дні на месяц жніўнага часу ім даводзіцца забыцца. Справакаваць, аднак зусім не гарантаваць выхадны камбайнерам могуць хіба-толькі нябёсы – дождж.
З іх – камбайнераў – і пачнём. Усе задзейнічаныя ва ўборцы ў раёне экіпажы камбайнаў укамплектаваны згодна са штатным раскладам. Старшых камбайнераў, як правіла, шукаць не давялося – галоўную партыю за штурвалам караблёў поля выконваюць штатныя механізатары, вадзіцелі сельскагаспадарчых арганізацый. З памочнікамі апошніх – камбайнерамі экіпажаў – так складваецца не ва ўсіх. У шэрагу выпадкаў экіпажы ўборачных машын, што працуюць на палях раёна, даводзілася па-рознаму даўкамплектоўваць за кошт пераразмеркавання ўласных працоўных рэсурсаў, прымаць на часовую працу работнікаў іншых арганізацый.
Як паведаміў галоўны дзяржаўны інспектар райсельгасхарчу Сяргей Шушпаннікаў, камбайнавы парк раёна складаецца з 54 машын. І гэта яшчэ не абсалютная лічба: прыведзена без уліку фермерскіх гаспадарак «Фартуна» і «Фораланд», ЗТАА «Белдан», якія ў плане забяспечанасці збожжаўборачнымі машынамі з’яўляюцца моцнымі ўладальнікамі. Яшчэ задоўга да наступлення жніўных тэрмінаў – у апошнюю дэкаду чэрвеня – усе камбайны прайшлі працэдуру дзяржаўнага тэхнічнага агляду. Былі пратэсціраваны на функцыянал, нарматыўна-штатную ўкамплектаванасць дадатковымі прыладамі і абсталяваннем, пацвердзілі гатоўнасць да напружанай работы на жніўным палетку і магчымасць перамяшчацца па дарогах агульнага прызначэння. Праўда, не ўсе і не адразу. Былі выяўлены асобныя недахопы. Але іх характар, як правіла, не вызначаўся глыбінёй, сістэмнасцю, неабходнасцю вялікіх укладанняў сіл і сродкаў для выпраўлення і, часцей за ўсё, аператыўна здымаўся з парадку дня.
Для васьмі камбайнаў у чатырох сельгасарганізацыях Ляхавіччыны гэтае жніво стала дэбютным. Свае паркі спецыялізаванай тэхнікі папоўнілі СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Нача», «Жарабковічы» і «Шлях новы». Названая апошняй гаспадарка – аж на чатыры адзінкі «Гомсельмашаў». У тым ліку і флагманскімі мадэлямі пад індэксам 2124.

Іван КАВАЛЕНКА.