Жыватворная сіла «Расы». Аграрыі ААТ «Шлях новы» прыступілі да падкормкі азімых пасеваў

У самы рэдкі дзень календара –29 лютага – аграрыі ААТ «Шлях новы» прыступілі да падкормкі азімых пасеваў

Калі быць абсалютна дакладным, дэбют здарыўся напярэдадні. Быў ён пробным, а значыць не працяглым па часе, не багатым на апрацаваныя плошчы. Ну, на самай справе, што для жвавай, дынамічнай, з шыроказахватным рабочым органам «Расы» азначае «прабегчыся» па некалькіх гектарах поля? Ставілася мэта пратэсціраваць у рэальнай справе і саму машыну па ўнясенні вадкіх мінеральных удабрэнняў, і ранні палетак на прадмет здольнасці трымаць хоць бы такую далікатную па ступені ўздзеяння на глебу тэхніку.
Сапраўдная ж работа пачалася іменна ў апошні зімовы дзень. На гэту дату азімы пшанічны палетак паспеў набыць ужо стрыманую новую свежасць, месцамі ў промнях пакуль яшчэ не актыўнага сонца выглядае ўпаўне сабе па-вясноваму.
– З зімы пасевы выйшлі больш чым у добрым стане. Ні месцаў «вымачкі», ні праяўленняў снежнай цвілі не заўважаў. Спрацаваў, у тым ліку, комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на добрую перазімоўку азімых культур. Гэтым часам закладваецца будучы ўраджай. Для чаго на старце веснавой вегетацыі выключна важным з’яўляецца «пад-
бадзёрыць» рост азімых мінеральнымі рэчывамі. Як бы там ні было, а зімоўка забірае ў раслін нямала энергіі, важна папоўніць яе, падтрымаць рост за кошт мінеральных падкормак. Сёння
мы пачынаем праводзіць першую з іх, якая, аднак, не стане апошняй, – тлумачыць нюансы аграрнай механікі дырэктар «Шляху новага» Андрэй Коктыш.
Пры гэтым аднымі толькі словамі кіраўнік гаспадаркі не абмяжоўваецца: запрашае карэспандэнта на ўскраіну поля, з далікатнай асцярогай вырывае каліва расліны і дэманструе пакуль квёлы, аднак ужо яўна веснавы адростак кораня – як сведчанне «перазапуску» вегетацыйнага перыяду.
Сёлета ён прыйшоў у палі дастаткова, калі не сказаць незвычайна рана. Па словах агранома-насеннявода гаспадаркі Сямёна Макрэцкага (на здымку справа), які ажыццяўляў кіраўніцтва палявымі работамі, у мінулым годзе да веснавой падкормкі «Шлях новы» прыступіў ці не на два дзясяткі дзён пазней. Дэбютны выхад «Расы» на азімы палетак-2023 адбыўся аж 19 сакавіка.
Калі пойдзе добра, не здарыцца адчувальных паваротаў у стане надвор’я ці нешта яшчэ экстраардынарнае, можна будзе прагназаваць і больш ранні выхад азімых культур у стадыю ўборачнай спеласці.
За ўчасткамі азімай пшаніцы сваю дозу карбаміда-азотных удабрэнняў атрымаюць усе азімыя збожжавыя пасевы, палеткі з азімым рапсам. Хоць, па словах дырэктара, у рабоце з алейнай культурай ёсць свае аграрныя асаблівасці.
Прагучыць банальна, але многае залежыць ад стану надвор’я, яго далейшых «паводзін», меркаваць аб якіх на працягу першых веснавых тыдняў з пазіцыі апошняга лютаўскага дня з’яўляецца дастаткова рызыкоўна.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.