Нават таксі не жадаюць ездзіць на Пугачова ў Ляхавічах…

Чарговая просьба аб дапамозе на гарачай лініі «ЛВ» прагучала ад жыхароў завулка Пугачова ў Ляхавічах. Прычым свой зварот гараджане падмацавалі шэрагам фотаздымкаў.

Справа ў тым, што працяглы час праезная частка вуліцы, асабліва пасля раставання снегу ці дажджоў, нагадвае трасу з перашкодамі ў выглядзе малых і вялікіх ям. Псуюцца аўтамабілі, разбіта не толькі дарога, але і пешаходная частка завулка. Людзі паскардзіліся, што нават таксі адмаўляецца вазіць па адрасах на Пугачова, маўляў, дорага для аўто абыдзецца такая паездка. Правезці дзіця на калясцы – гэта сапраўдныя іспыты. Ды і хадзіць па такім завулку – толькі псаваць абутак, ды і глядзі, каб не паламаць ногі. Звярталіся жыхары вуліцы ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», на чыім балансе знаходзяцца гарадскія вуліцы і завулкі.
Завулак грэйдзіравалі, але хапала літаральна на некалькі тыдняў, потым усё паўтаралася. Апошняй кропляй, па словах мясцовых, стала здарэнне на мінулым тыдні, калі аўтамабіль трапіў у яму і самастойна яго выцягнуць не ўдалося, выклікалі спецтэхніку. Абураныя жыхары зноў патэлефанавалі ў камунгас…
За каментарыем раёнка звярнулася ў камунальную службу.
– Як толькі дазволяць умовы надвор’я, дакладней – падсохне, будзе зроблена грэйдзіраван-не дарогі па завулку Пугачова. Увогуле, грэйдзіраванне будзем праводзіць па меры
неабходнасці. Асфальтаванне гэтага завулка ў бліжэйшы час не плануецца, – адзначыў дырэктар Ляхавіцкай ЖКГ Андрэй
Чайкоўскі.