Участковы, якога чакалі вяскоўцы

Пасля васьмігадовай службы ў аператыўна-дзяжурнай часці РАУС Віталій Малевіч у 2020 годзе перайшоў на службу ўчастковым у Альхоўскі сельсавет.

І літаральна за некалькі месяцаў службы малады ўчастковы змог заваяваць давер вяскоўцаў, яны адчулі ў ім супрацоўніка праваахоўных органаў, які ўмее і жадае дапамагчы. Ён не лічыцца з уласным часам, і раніцай, і позна вечарам спяшаецца па адрасах, дзе ёсць праблемы, дзе камусьці пагражае бяда. Часта самастойна, іншы раз разам з супрацоўнікамі сельвыканкама выязджае ў рэйды, маніторынгі, асноўная мэта якіх – прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў, ён цікавіцца, як жывецца вяскоўцам, даведваецца пра праблемы, што іх хвалююць. У адным з такіх рэйдаў удзельнічаў і «ЛВ». І тады давялося пачуць ад жыхароў Задвор’я: такога ўчастковага, як Віталій Валянцінавіч Малевіч, чакалі вельмі даўно – ён і патрабавальны, і ўважлівы, яго паважаюць.
– Лічу, калі чалавек носіць міліцэйскую форму, незалежна ад звання, ён павінен выконваць галоўную місію – дапамагаць людзям, захоўваць парадак і змагацца з тымі, хто парушае закон, – упэўнены старшы лейтэнант міліцыі Віталій Малевіч.
Зараз на падпарадкаваным яму ўчастку (а ён абслугоўвае не толькі Альхоўскі, але і частку Крывошынскага і Ганчароўскага сельсаветаў), дзе ён адказвае за прапарадак, 14 населеных пунктаў, у якіх пераважная большасць насельніцтва (60 працэнтаў) – людзі сталага ўзросту.
– Адназначна, Віталій Малевіч – чалавек на сваім месцы. Вельмі абавязковы і дысцыплінаваны супрацоўнік, прыклад выканання сваіх службовых абавязкаў. Кожнае даручэнне выконвае дакладна, умее наладзіць кантакт як з насельніцтвам, так і з сельвыканкамамі,педагогамі, сацыяльнай службай у пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў, злачынстваў, – характарызуе свайго падначаленага начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Сяргей Хмарук.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.