Канстытуцыі – 30! 15 сакавіка Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь адзначыць 30-годдзе з дня прыняцця

15 сакавіка Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь адзначыць 30-годдзе з дня прыняцця. 30 гадоў суверэнная краіна жыве па сваім Асноўным Законе, які канкрэтна і адназначна вызначае іерархію каштоўнасцяў у краіне. Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, занатавана ў беларускай Канстытуцыі.

Да юбілейнага дня нараджэння Канстытуцыі на Ляхавіччыне прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў. Галоўнай падзеяй традыцыйна стане Усебеларуская акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі». Стартавала яна 11 сакавіка і сёлета прымеркавана да знакавых юбілейных дат – 30-годдзя прыняцця Асноўнага Закона краіны і заснавання інстытута прэзідэнцтва ў Беларусі.
15 сакавіка юныя жыхары раёна атрымаюць свае першыя дакументы – пашпарты, а таксама членскія білеты БРСМ. Святочны дзень будзе ўпрыгожаны і сімвалічнымі падарункамі.
Адзіны ўрок, тэматычныя выставы, круглыя сталы, патрыятычныя акцыі, экскурсіі, урачыстыя лінейкі і многае іншае ў праграме святкавання Дня Канстытуцыі ва ўстановах адукацыі раёна.