Ведаць, каб не забыць. Пракуратура Беларусі прадаўжае расследаванне генацыду беларускага народа ў гады Другой сусветнай вайны

Такое не забываецца. Гісторыю ні ў якім разе нельга перапісваць… Помніць, каб не паўтарылася зноў… З 2021 года Генеральная пракуратура Беларусі расследуе крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа. І адкрываюцца ўсё новыя і новыя факты, якія пацвярджаюць зверствы, здзекі акупантаў над мірным насельніцтвам на акупаванай тэрыторыі Беларусі з 1941 па 1944 гады. Пра тое, як праходзіць расследаванне, на старонках СМІ, у тэле- і радыёэфірах, на дыялогавых пляцоўках, сустрэчах з моладдзю расказваюць прадстаўнікі пракуратуры. Такая сустрэча актыву Першага рэгіёна з начальнікам упраўлення Генеральнай пракуратуры Беларусі Сяргеем Шыкунцом у рэжыме відэаканферэнцыі нядаўна адбылася ў Брэсцкім аблвыканкаме.

Без тэрміну даўніны
Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры нагадаў, што Кіраўнік дзяржавы падпісаў Закон «Аб генацыдзе беларускага народа», якім прадугледжваецца юрыдычнае прызнанне генацыду беларускага народа (пад ім маюцца на ўвазе ўсе савецкія грамадзяне, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны пражывалі на тэрыторыі БССР), учыненае нацысцкімі злачынцамі і іх прыспешнікамі.
Сяргей Шыкунец, які з’яўляецца намеснікам кіраўніка следчай групы па крымінальнай справе аб генацыдзе беларускага народа, адзначыў што гэта справа нішто іншае, як аднаўленне і захаванне гістарычнай справядлівасці.
І важна праводзіць паралель паміж падзеямі, што адбываліся ў гады Другой сусветнай вайны, і той геапалітычнай сітуацыяй, якая складваецца ў свеце апошнім часам. Было падрабязна расказана, як праходзіла следства, якія новыя факты зверстваў фашыстаў і іх прыспешнікаў выяўлены. Пачынаючы з 2021 года,
падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны было рассакрэчана больш за 42 тысячы архіўных даных у адносінах да нацыстаў і іх прыспешнікаў, дапрошаны больш за 18 тысяч сведкаў, з якіх 8 тысяч – былыя вязні фашысцкіх канцлагераў. Сукупны аналіз дазволіў паказаць сапраўдныя задачы Трэцяга рэйха па масавым знішчэнні мірнага насельніцтва. Так, гітлераўцамі было запланавана зменшыць насельніцтва СССР на 30 мільёнаў чалавек шляхам забойства ці перасялення ў Германію ў якасці бясплатнай рабочай сілы. І, на жаль, частка фашысцкіх задумак збылася: забіты, знішчаны ў канцэнтрацыйных лагерах больш за 27 мільёнаў мірных жыхароў. У разнастайных карных аперацыях, што праводзілі фашысты на акупаванай тэрыторыі, прымалі ўдзел нацыяналістычныя падраздзяленні амаль усёй Заходняй Еўропы. Як тут не параўнаць з сённяшняй сітуацыяй ва Украіне, калі краіны НАТА аказваюць непасрэдную ваенную дапамогу і ў складзе ВСУ ўдзельнічаюць іншаземныя наёмнікі.
У Вялікую Айчынную вайну карнікі арганізавалі на тэрыторыі Беларусі больш за 560 лагераў смерці, дзе прымусова ў
невыносных умовах утрымлівалі мірнае насельніцтва, прычым не толькі з СССР, але і іншых акупаваных фашыстамі краін Еўропы. Напрыклад, у самым вялікім гета Еўропы – Мінскім – знішчана каля 90 тысяч яўрэяў. 546 тысяч жанчын, дзяцей, старых загінула ў канцлагеры «Трасцянец». Дзясяткі тысяч ахвяр нацызму і фашызму – Азарыцкі і Калдычэўскі лагеры смерці. Страшны пералік пацверджаных фактаў генацыду прывёў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры.
Ён акцэнтаваў увагу, што патрыя-тычнае выхаванне падрастаючага пакалення пачынаецца з дзіцячага садка, школы. Расказаў пра вучэбныя дапаможнікі «Генацыд у гады Вялікай Айчыннай вайны», выдадзеныя ў лістападзе мінулага года Генеральнай пракуратурай сумесна з Міністэрствам адукацыі. У дапаможніках, якія распрацаваны асобна для 1–4, 5–9 і 10-11-х класаў з улікам узроставых асаблівасцей вучняў, ёсць звесткі пра зверствы фашыстаў, пра пакуты беларусаў у ваенны час, пра карныя аперацыі, пра дзейнасць калабарацыяністаў, пра лагеры смерці. Акрамя таго, вялікая ўвага нададзена подзвігу і гераізму беларускага народа, у тым ліку і дзяцей.
І ў Ляхавіцкім раёне гэтай тэме надаецца вялікая ўвага. Так, у музеі СШ № 2 арганізавана некалькі экспазіцый, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны, адна з самых шчымлівых – генацыд беларускага народа. Тут праходзяць сустрэчы з ветэранамі вайны, прадстаўнікамі пракуратуры, гісторыкамі.

Спіс дапаўняецца
Не сціхае боль беларускай зямлі: па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры працягвае дапаўняцца спіс знішчаных нацыстамі сельскіх населеных пунктаў. Сяргей Шыкунец паведаміў пра раней невядомыя месцы масавага пахавання, якія выяўлены ў ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.
За час акупацыі на тэрыторыі БССР фашысцкія злачынцы знішчылі поўнасцю ці часткова, у тым ліку разам з жыхарамі, не менш за 12 289 сельскіх населеных пунктаў. Для параўнання, па афіцыйных даных, пацверджаных архіўнымі дакументамі, на момант узбуджэння крымінальнай справы аб генацыдзе налічвалася 9 200 такіх населеных пунктаў. Акрамя гэтых дапаўненняў, агучаны і яшчэ шэраг жудасных лічбаў. Спіс вёсак, якія раздзялілі трагічны лёс Хатыні і былі спалены разам з жыхарамі, дапоўнены 90 назвамі. На сёння сясцёр Хатыні ў Беларусі – 276.
Толькі за некалькі гадоў, па словах Сяргея Шыкунца, падчас расследавання выяўлены і названы яшчэ 40 карных аперацый, праведзеных гітлераўцамі супраць мірнага беларускага насельніцтва. Цяпер іх налічваецца больш за 180. І гэта, верагодна, не апошнія лічбы.
Паказанні сведкаў, акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі (заснавана Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2.11.1942), спісы ўдзельнікаў карных аперацый і іншых
злачынных дзеянняў у адносінах да мірнага насельніцтва і ваенна-
палонных на тэрыторыі БССР, спісы нацысцкіх злачынцаў і ўчыненых імі злачынстваў супраць чалавецтва – усё гэта факты ў справе расследавання генацыду беларускага народа.
–Так, расследаваць важна і неабходна, але пра гэта абавязкова трэба гаварыць, даносіць да свядомасці людзей, у тым ліку падлеткаў, моладзі. Бо на сённяшні дзень пытанне захавання гістарычнай праўды стаіць вельмі востра. Некалькі пакаленняў беларусаў жывуць пад мірным небам, і не ўсе ведаюць, якой цаной дасталася перамога нашым бацькам, дзядам, прадзедам. Адна з задач расследавання генацыду – расказаць гэту праўду. Спробы фальсіфікацыі падзей Вялікай Айчыннай вайны, замоўчванне фактаў зверстваў гітлераўцаў і іх прыслужнікаў, якія раз-пораз ініцыююць Захад і так званыя збеглыя з Беларусі, не знаходзяць водгуку ў нашым грамадстве, – падкрэсліўСяргей Шыкунец.
Тое, што злачынствы супраць беларускага народа не маюць тэрміну даўнасці, пацвярджае і судовае разбіральніцтва, якое ў лютым бягучага года пачалося ў Вярхоўным судзе Беларусі ў адносінах да аднаго з катаў Хатыні Уладзіміра Катрука, якому пры жыцці ўдалося пазбегнуць пакарання. На год смерці ў 2015 годзе Катрук, які пасля вайны ўцёк у Канаду, дзе і жыў, лічыўся другім у спісе застаўшыхся ў жывых самых вышукваемых нацысцкіх ваенных злачынцаў. Крымінальная справа супраць Катрука складаецца з 35 тамоў, устаноўлена 12 эпізодаў яго злачыннай дзейнасці ў складзе 118-га батальёна ахоўнай паліцыі, у тым ліку ўдзел у знішчэнні жыхароў Хатыні. Працэс адкрыты, дазваляе паказаць сапраўдны твар карнікаў, якія дзейнічалі на шматпакутнай беларускай зямлі.
Расследаванне генацыду беларускага народа прадаўжаецца. А званы Хатыні, Алы, Зельвы нагадваюць сённяшнім пакаленням пра страшныя падзеі той вайны і заклікаюць берагчы мір.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.