Свет інтарэсаў вялікай сям’і. Хто ў Ляхавічах стаў пераможцай дыстанцыйнага конкурсу

У вялікай сям’і жывуць не толькі штодзённымі дамашнімі клопатамі, але і ўмеюць цікава адпачываць, крэатыўна падыходзяць да ўдзелу ў разнастайных творчых іспытах. Што і пацвердзіў раённы конкурс «Лепшая мнагадзетная сям’я», вынікі якога ТЦСАН падвёў напярэдадні Дня жанчын.

На гэты раз агляд-конкурс прайшоў у дыстанцыйным фармаце, і ў ім узялі ўдзел восем сем’яў з розных населеных пунктаў Ляхавіччыны. Пра сваё жыццё, традыцыі і сямейныя каштоўнасці, ролю бацькоў у выхаванні дзяцей яны расказалі ў прэзентацыях і відэароліках.
– Кожная сям’я-ўдзель-ніца пастаралася прад-ставіць свет сваіх інтарэсаў у штодзённым жыцці, як кажуць, без фільтраў. Журы было цяжка вызначыць лепшых. Улічваліся раскрыццё вобраза сям’і і яе актыўная жыццёвая пазіцыя, удзел у конкурсе ўсіх членаў сям’і і афармленне візітовак, – адзначае спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Наталля Юрлевіч.
Пераможцай дыстанцыйнага агляду-конкурсу прызнана мнагадзетная сям’я Андрэя і Людмілы Бабко з Савеек. Другое месца раздзялілі сем’і ляхавічан Андрэя і Веранікі Дзянішчыкаў і Дзяніса і Вікторыі Сайлевічаў. Замкнула тройку лепшых сям’я Паўла і Ганны Стрыгельскіх з Ляхавічаў.
За актыўны ўдзел у конкурсе падзячныя пісьмы ўручаны сем’ям Ігара і Надзеі Пастарнакевічаў, Аляксандра і Яўгеніі Шастакоў, Івана і Марыны Буйкевічаў, Дзяніса і Ірыны Гаўрыльчыкаў.
Для ўзнагароджання супрацоўнікі ТЦСАН запрасілі ўдзельнікаў конкурсу ў аддзяленне комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы пераможцам і прызёрам уручылі цудоўныя падарункі. Сем’і павіншавалі дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская і старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык. Арганізатары конкурсу шчыра ўдзячны за садзейнічанне ўстановам адукацыі раёна.
Пару слоў пра пера-можцаў конкурсу сям’ю Бабко. Шчасце бацькоў сканцэнтравана на чатырох дзецях. Для Карыны, Аляксандры, Варвары і Яраслава сям’я змяніла гарадское жыццё на вяс-ковае і імкнецца як мага больш часу праводзіць разам. Уласным прыкладам выхоўваюць дабрыню і ўменне разумець іншых, любоў да роднага краю, беражлівыя адносіны да прыроды, тлумачаць каштоўнасць сям’і ў жыцці кожнага чалавека.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.