Хвароба, якую можна перамагчы.У сусветным календары здароўя 24 сакавіка пазначана як дзень барацьбы з туберкулёзам

У сусветным календары здароўя 24 сакавіка пазначана як дзень барацьбы з туберкулёзам. Нягледзячы на разнастайныя прафілактычныя мерапрыемствы, новыя метады лячэння, гэта хвароба застаецца адной з самых небяспечных і распаўсюджаных: кожную секунду ў свеце інфіцыруецца туберкулёзам адзін чалавек, ад хваробы штогод памірае каля пяці мільёнаў чалавек.

У Ляхавіцкім раёне эпідэміялагічная сітуацыя па туберкулёзе застаецца напружанай. За 2023 год зарэгістравана 44,7 выпадка на 100 тысяч насельніцтва (адпаведны абласны паказчык – 14,6 на 100 тысяч насельніцтва). Летась у нашым раёне выяўлена 10 новых выпадкаў, у пераважнай большасці падчас прафілактычнага агляду. Сярод захварэлых тры жанчыны, шасцёра чалавек жывуць у сельскай мясцовасці, пяцёра працуюць.
У зоне рызыкі найперш дзеці, пажылыя, хворыя на цукровы дыябет і з хранічнымі хваробамі лёгкіх, тыя, хто злоўжывае алкаголем і курэннем, вядзе асацыяльны лад жыцця, наркаманы, людзі, якія жывуць у антысанітарных умовах, носьбіты СНІДу. Заразіцца можна паветрана-кропельным шляхам ад хворага на туберкулёз чалавека пры працяглым кантакце з ім. Крыніца інфекцыі – макрота хворага, яе дробныя часцінкі, інфіцыраваныя мікабактэрыямі (вядомыя пад назвай палачка Коха), пры кашлі, чханні, размове трапляюць у паветра, адкуль і ў лёгкія чалавека і выклікаюць туберкулёз. Прычым хваробу можна падхапіць і ў перапоўненым людзьмі, дрэнна праветрываемым памяшканні, грамадскім транспарце, калі ў іх знаходзіцца хворы. Туберкулёз не перадаецца ад вылечанага чалавека, а таксама праз прадметы, да якіх дакранаўся хворы.
На якія сімптомы звяртаць увагу? Кашаль на працягу трох тыдняў, які можа суправаждацца макротай ці крывёй, млявасць, хуткае страта вагі пры звычайным харчаванні, патлівасць, павышэнне тэмпературы цела. На пачатковых стадыях туберкулёз можа працякаць бессімптомна. Калі вы заўважылі ў сябе ці сваіх блізкіх названыя сімптомы, ні ў якім разе не займайцеся самалячэннем, звярніцеся да ўрача агульнай практыкі, які накіруе на далейшае абследаванне. Чым раней пачата лячэнне, тым большая верагоднасць выздараўлення. Калі не звяртацца за медыцынскай дапамогай, туберкулёз можа развівацца вельмі хутка, што прывядзе да смерці захварэлага. Пры прыёме супрацьтуберкулёзных лякарстваў паляпшэнне стану пацыента наступае хутка, а вось пры адмове ад лячэння хвароба можа вярнуцца ў больш цяжкай форме. Вылечыцца ад туберкулёзу атрымаецца пры строгім захаванні рэжыму. Аднак варта набрацца цярпення, бо лячэнне доўгатэрміновае –
ад 6 да 24 месяцаў і абавязкова праводзіцца пад кантролем медперсаналу. І яшчэ, супрацьтуберкулёзныя лекавыя сродкі могуць выклікаць розныя непажаданыя рэакцыі арганізма, але такая рызыка для здароўя чалавека ў сотні разоў меншая, чым адмова ад лячэння.
Асноўным метадам выяўлення туберкулёзу з’яўляецца рэнтгенфлюараграфічнае абследаванне. Установы аховы здароўя Ляхавіцкага раёна ў дастатковай колькасці забяспечаны спецыяльнымі ўстаноўкамі для абследавання насельніцтва.
Туберкулёз – гэта не праблема навукі, гэта праблема нізкай культуры. Нельга разлічваць, што з’явіцца чароўная таблетка, якая адразу справіцца з каварнай хваробай. Таму паклапаціцеся пра сваё здароўе загадзя. Нялішнімі будуць наступныя меры прафілактыкі. Часцей мыйце рукі, асабліва пасля таго, як прыйшлі дадому; падтрымлівайце чысціню ў доме, адмоўцеся ад шкодных звычак, правільна харчуйцеся, бывайце на свежым паветры, не забывайце пра фізічную актыўнасць і абавязкова штогод рабіце флюараграфію.


Таццяна МАЛЯР,  урач-фтызіятр Брэсцкага абласнога  супрацьтуберкулёзнага  дыспансера.