Аснова раёна і першага рэгіёна. Як на Ляхавіччыне праходзіць пасяўная кампанія і хто ў яе лідарах

Сельская гаспадарка з’яўляецца безумоўнай эканамічнай асновай Ляхавіцкага раёна. Ды і на прасторах Брэстчыны ёй належыць калі
і не галоўная, то адна з прыярытэтных сацыяльна-вытворчых роляў.

Вытворчы ж рытм аграрнай галіны заўсёды і жорстка сінхранізаваны з сезонам года. Зімовы можна абазначыць як дастаткова «лайтовы». У параўнанні з іншымі, на працягу якіх у сельскіх працаўнікоў часта ўзнікае патрэба працаваць у самым гарачым рытме, ахвяруючы выхаднымі і не грэбуючы перапрацоўкамі.
І яравы час, канешне ж, адзін з такіх супернапружаных адрэзкаў года. Калі і азімыя палі «просяць» падкормак, і веснавая ралля не здымаецца з раскладу дня, і актуалізуецца шэраг іншых работ з прыстаўкай «тэрмінова».
У першую чаргу, размова пра веснавую сяўбу, якая на працягу дзясятка апошніх дзён усё больш і больш дамінуе на сельскагаспадарчых палетках раёна, вобласці і краіны ў цэлым.
Па стане на 25 сакавіка, яравую сяўбу вядуць усе гаспадаркі Ляхавіччыны. Па-рознаму хутка, аднак аднолькава актыўна з мэтай справіцца са сваім раннеяравым клінам у тэхналагічна адведзеныя тэрміны і безумоўнай выканальніцкай якасцю.
У ААТ «Нача» плошчы ранніх збожжавых і зернебабовых на зерне першачаргова складалі некалькі менш за чатыры сотні гектараў. Авёс, гарох, лубін, бабовыя сумесі, веснавы ячмень і такі ж варыянт пшаніцы.
– Сяўбу пачалі з аўса і гароху. Бальзам для ўсіх сельгаскультур, але асаблівую патрэбу ў насычанасці глебы вільгаццю на стадыі ўсходаў маюць іменна гэтыя сельгасрасліны. І з мэтай не ўпусціць моманту з іх і стартавалі. Закончылі і ўжо сёння прыступілі да сяўбы яравога ячменю. Сёлета гэтай культуры будзе ў нас паўтары сотні гектараў, –
паведамляе галоўны аграном Ігар Карпей.
Калі справа на яравым палетку пойдзе ў адпаведнасці з пасяўным рэгламентам, не з’явіцца праблемай справіцца з ячменем ужо да канца бягучага тыдня.
Сольную партыю на пасяўным полі ААТ «Нача» выконвае Раман Голя. Яго «раман» з сельскагаспадарчай тэхнікай мае ўжо даволі працяглую, здаецца, вельмі трывалую і дастаткова разнапрофільную гісторыю. Напрыклад, акрамя глебаапрацоўчага пасяўнога агрэгата, Раман з’яўляецца сваім на пасадзе «капітана» збожжаўборачнага камбайна. Пасяўная справа ў «Начы» знаходзіцца ва ўмелых, надзейных, старанных і па-сапраўднаму руплівых руках працаўнікоў аграрнай справы, пасяўной нівы.
Іван КАВАЛЕНКА.