Слова пра меліяратараў. Калектыў Ляхавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм запрашае ў каманду працаўнікоў

Яны даюць зямлі другое жыццё, ствараюць умовы для паляпшэння яе ўласцівасцяў і, адпаведна, павелічэння ўраджаяў. На ўчастку іх дзейнасці будуюцца дарогі, узводзяцца дамы… Гэта ўсё пра меліяратараў – людзей, якія добра ведаюць асаблівасці стану глебы, лясных і водных рэсурсаў.

Вядучы эканаміст Аляксандра Рамейка,
эканаміст Ганна Анціпаровіч, начальнік ПТА Таццяна Клявец.

Калектыў Ляхавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм паступова нарошчвае вытворчыя магутнасці і жадае, у літаральным сэнсе, «выгадаваць» сабе маладых спецыялістаў.
– Ляхавіцкае ПМС рэкамендуе навучэнцам 9–11-х класаў выбраць
прафесію, звязаную з меліярацыяй, і гатова заключыць дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы, які забяспечыць гарантаванае першае працоўнае месца і дастойную заработную плату. «Сваім» навучэнцам ПМС выплачвае стыпендыю ў памеры да пяці базавых велічынь, –
адзначае дырэктар Сяргей Юшкевіч. Больш за два дзесяцігоддзі назад пасля атрымання дыплома інжынера-гідрамеліяратара Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта ён пачынаў працоўную дзейнасць у Ляхавіцкім ПМС майстрам.
– Мне пашанцавала вучыцца ў майстроў сваёй справы – прараба Сцяпана Васільевіча Крука, які стаяў ля вытокаў меліярацыйных сістэм Ляхавіччыны, галоўнага інжынера Аляксея Аляксандравіча Кулікова. Яны многаму навучылі і перадалі каштоўны вопыт, – падкрэслівае Сяргей Юшкевіч.
А сёння ён жадае дзяліцца навыкамі з маладымі спецыялістамі, якіх чакаюць на прадпрыемстве. У працоўную каманду запрашаюць у літаральным сэнсе са школьнай парты і абяцаюць суправаджаць ад навучальнай установы да прафесійнага станаўлення.

Вадзіцелі Мікалай Кандыба, Дзмітрый Карповіч, дыспетчар Іна Казлоўская.


Начальніка планава-тэхнічнага аддзела ПМС Таццяну Клявец – дыпламаванага будаўніка аўтамабільных і транспартных
дарог – 16 гадоў назад запрасілі ў ПМС майстрам. Навічку ў меліярацыі не далі разгубіцца і замацавалі за ім настаўніка – Сяргея Юшкевіча. У прафесіі Таццяну Клявец падкупіў кантраст «да» і «пасля» – калі непраходны лясны ці балоцісты ўчастак пасля дзейнасці меліяратараў набывае прывабны выгляд. Часта менавіта меліяратары станавіліся ў раёне першапраходцамі дарог і аўтарамі шматлікіх аб’ектаў.
У камандзе прафесіяналаў ПМС сёння не хапае інжынера па кадастры. І прадпрыемства за ўласныя сродкі гатова падрыхтаваць адпаведнага спецыяліста. Навічка, які прыйдзе на гэту пасаду, навучаць усім прафесійным адметнасцям.
У ПМС удастойваюцца падзякі і званняў за працу незалежна ад пасады. Машыніст экскаватара Анатолій Цімашкевіч мае нагрудны знак «Ганаровы меліяратар Рэспублікі Беларусь», а бульдазерыст Уладзімір Халецкі – ганаровы работнік Ляхавіцкага ПМС. Сярод лепшых і вопытны экскаватаршчык Аляксандр Мароз. Працягвае дынастыю меліяратараў машыніст экскаватара Сяргей Сайко. 16 гадоў назад у меліяратары ён прыйшоў за бацькам, які працаваў на бульдозеры. За гэты час Сяргей не раз станавіўся лепшым па прафесіі, меў гонар быць занесеным на Галерэю славы раёна.
Вопытныя бульдазерысты і экскаватаршчыкі ПМС гатовы падрыхтаваць сабе дастойную працоўную змену і перадаць сакрэты прафесійнага майстэрства. Машыністаў экскаватара і бульдозера, якія так патрэбны прадпрыемству меліярацыйных сістэм, рыхтуюць у Ганцавіцкім і Клецкім дзяржаўных аграрных каледжах.

Дыпламаваныя спецыялісты, калі ласка, у ПМС!
У якасці запрашальнага білета – дастойная зарплата ад 1 500 рублёў, а ў сезон – ад 2 000 рублёў і іншыя бонусы.
У ПМС патрабуюцца таксама інжынеры, майстры, прарабы і іншыя працаўнікі. Прычым пасаду давяраюць не толькі мужчынам, але і прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва. І навічкоў абавязкова падтрымаюць прафесіяналы справы.

У сакавіку ў ПМС чакаюць маладога спецыяліста – тэхніка-механіка, які заканчвае Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова, а ў жніўні прыйдзе інжынер-меліяратар з Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. У адпаведнасці з калектыўным дагаворам ПМС ім да ўсяго будуць прадастаўлены дадатковыя гарантыі і кампенсацыі, сярод якіх штомесячныя даплаты, кампенсацыя страт пры найме жылога памяшкання і г. д.
Пры заключэнні кантракта прадугледжана павышэнне тарыфнай стаўкі (акладу) на 50 працэнтаў і дадатковы заахвочвальны водпуск не менш за тры каляндарныя дні…  У ПМС жывуць не толькі працай – наладжана культурна-масавая, фізкультурна-аздараўленчая работа. У якасці стымулу за актыўны ўдзел – матэрыяльнае заахвочванне.
Рады прыняць у нашу дружную каманду маладых спецыялістаў і даць ім пуцёўку ў ганаровую прафесію меліяратараў, – падкрэслівае дырэктар УП «Ляхавіцкае ПМС» Сяргей Юшкевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.