Дзесяць дзён на карысць лесу. На Ляхавіччыне разгарнулі працоўную дзейнасць тры студэнцкія атрады юных лесаводаў

З сярэдзіны сакавіка на Ляхавіччыне разгарнулі працоўную дзейнасць тры студэнцкія атрады юных лесаводаў, у складзе якіх 48 рабят з Ліпскай, Малагарадзішчанскай і Тухавіцкай сярэдніх школ.

Працоўная змена доўжыцца дзесяць дзён, умовы працы пад кантролем педагогаў.
Першым на дапамогу лесу паспяшаўся экалагічны атрад «Зара» імя Героя Савецкага Саюза Пятра Міронавіча Машэрава Ліпскай СШ. Школьнікі шчыруюць у Крывошынскім лясніцтве – высаджваюць маладыя бярозкі і сосны.
– У такім атрадзе я ўпершыню. Калі прапанавалі запісацца, параілася з бацькамі і вырашыла паспрабаваць сябе ў новай справе. Канешне, пацікавілася ў рабят, якія ў мінулым годзе таксама высаджвалі саджанцы. Мне вельмі ўсё падабаецца. Хлопцы капаюць ямкі, а мы – дзяўчаты – устаўляем у ямкі дрэўцы, прысыпаем зямлёй, утрамбоўваем яе, каб дрэўцы прыжыліся. Канешне, зарабіць грошы добра, але для мяне важна адчуванне, што і ты можаш нешта зрабіць на карысць любімай краіны. Шчасце – ведаць, што праз час з маленькага саджанца вырасце прыгажуня сасна ці бяроза, – дзеліцца ўражаннямі дзевяцікласніца Ліпскай СШ Эвеліна Клімко.
З 19 сакавіка шчыруе на пасадцы лесу і экалагічны студэнцкі атрад «Сцяг» імя штурмана звяна 15-й гвардзейскай дывізіі Мікалая Іванавіча Цацына (Малагарадзішчанская СШ).
– Для мяне сёлета – трэці семестр у складзе студатрада. Рабяты даверылі мне быць камісарам – выдатны вопыт праявіць свае арганізатарскія здольнасці. Наш атрад неаднойчы прызнаваўся лепшым па якасці і аб’ёме выкананых работ на лесапасадцы. Садзіць лес – справа на вякі, яе вынікам будуць любавацца нашы нашчадкі, – расказвае камісар студэнцкага экалагічнага атрада «Зара» навучэнка 9-га класа Малагарадзішчанскай СШ Дар’я Курак.
А з 25 сакавіка працоўную эстафету падхапіў атрад імя камісара 19-й партызанскай брыгады Сцяпана Канстанцінавіча Дзесюкевіча Тухавіцкай СШ.
– Студатрадаўскі рух – выхаванне праз працу рэальную. Юнакі і дзяўчаты набываюць прафесійныя навыкі, разумеюць каштоўнасць узаемадапамогі і калектыўнай адказнасці. Гэта і магчымасць зарабіць уласныя грошы. Прыемна, што сёлета павялічылася колькасць арганізацый, якія пажадалі часова працаўладкаваць юнакоў і дзяўчат, – адзначае першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч.
– Канешне, задаволены такімі памочнікамі. Нягледзячы на юны ўзрост, рабяты вельмі стараюцца і добрасумленна спраўляюцца са сваімі абавязкамі. А высокая прыжывальнасць дрэў – яскравае пацвярджэнне. За кожным атрадам замацаваны работнікі лясніцтва, дзе школьнікі займаюцца лесааднаўленнем. Студатрады працуюць у нашых лясніцтвах не першы год. Рабяты настолькі ўдасканаліліся ў майстэрстве, што нават праводзяць майстар-класы па пасадцы лесу. Напрыклад, нядаўна вучні Малагарадзішчанскай СШ падзяліліся сваім працоўным вопытам з намеснікамі дырэктараў школ раёна на семінары, які праходзіў на базе гэтай навучальнай установы, – расказвае намеснік дырэктара Ляхавіцкага лясгаса Наталля Адаменка.
Да канца вясны ў студатрадаўскі рух уключацца і каманды, якія будуць задзейнічаны на сельскагаспадарчых работах.

Галіна КАНЬКО.