Дні зачыненых дзвярэй. Як захаваць сваю маёмасць

З наступленнем асенне-зімовага перыяду на тэрыторыі раёна штогод фіксуецца павелічэнне колькасці крадзяжоў, учыненых з дачных домікаў, тэрыторыі садовых таварыстваў, дамоў, размешчаных у сельскай мясцовасці. Асноўная іх прычына – нядбайныя адносіны грамадзян да сваёй маёмасці.
Правілы, што мінімізуюць магчымасць учынення супрацьпраўных дзеянняў у адносінах да маёмасці грамадзян, растлумачвае ўчастковы інспектар ААПП РАУС Сяргей КУНІЦКІ:
– Не пакідайце на прысядзібным участку асабістыя рэчы, інструменты, садовы інвентар. Калі пакідаеце домаўладанне на доўгі час, вывезіце адтуль дарагія прадметы.
Абсталюйце дзверы і вокны надзейнымі замкамі, упэўніцеся ў трывалым мацаванні дзвярэй і аконных рам. Калі-нікалі наведвайце свой участак на працягу асенне-зімовага перыяду, добраўпарадкуйце яго тэрыторыю.
Пры немагчымасці – папрасіце назіраць за сваёй маёмасцю суседзяў. Абсталюйце домаўладанне сістэмай відэаназірання, ахоўнай сігналізацыяй.
Калі крадзеж здарыўся, неадкладна паведаміце пра гэта ў РАУС. Да прыезду супрацоўнікаў міліцыі пастарайцеся захаваць сляды злачынства, не заходзьце ў дом, нічога не чапайце рукамі.
Пры выяўленні на тэрыторыі садаводчых таварыстваў, у населеных пунктах асоб ці транспартных сродкаў, якія выклікаюць падазрэнне, паведаміце ў дзяжурную часць РАУС па тэлефоне 102.