Дзясятка ад Брэстчыны! Брэсцкая абласная арганізацыя БРСМ вылучыла дзесяць кандыдатаў у дэлегаты Усебеларускага народнага сходу

Мінулы працоўны тыдзень завяршыўся XXXVII Канферэнцыяй Брэсцкай абласной арганізацыі ГА «БРСМ».

Сярод пытанняў – грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі. Акцыі, злёты, аўтапрабегі, дабрачынныя марафоны, міжрэгіянальныя сустрэчы – усё гэта наша актыўная і таленавітая моладзь, якая бярэ адказнасць за сваю будучыню. Першы сакратар абкама БРСМ Юрый Сегянюк адзначыў, што важна не колькасць мерапрыемстваў,
а тое, які водгук знаходзіць гэта ў сэрцах моладзі. Удзел у апошняй электаральнай кампаніі паказаў вялікую зацікаўленасць у палітычным жыцці краіны. А колькі чэленджаў было ініцыявана моладдзю Брэстчыны!
Сярод надзённага пытанне асаблівай важнасці. Падчас канферэнцыі Брэсцкая абласная арганізацыя БРСМ вылучыла дзесяць кандыдатаў у дэлегаты Усебеларускага народнага сходу.
Як адзначыў Юрый Сегянюк, важна, каб нашы кандыдаты ўсведамлялі значнасць падзеі, разумелі ўзровень адказнасці і даверу. Таму падыходзілі адказна: сярод кандыдатаў маладыя людзі розных сфер, і студэнты, і прадстаўнікі працоўнай моладзі.
– Доўга рыхтаваліся. Шмат размаўлялі з моладдзю, гаварылі пра мэты УНС і задачы, якія ён будзе выконваць. Вылучаем дзесяць кандыдатаў – лепшых прадстаўнікоў ад моладзі. На гэтых людзей ускладаем вялікі давер», – адзначыў першы сакратар абкама БРСМ.


У канферэнцыі прынялі ўдзел і прадстаўнікі Ляхавіцкага раёна. Прыемна, што сярод кандыдатаў у дэлегаты УНС ад моладзі і наша зямлячка – галоўны рэдактар «Ляхавіцкага весніка» Маргарыта Кухта-Маслоўская.


Нагадаем, што з’езд Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі па абранні дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу пройдзе
9 красавіка. На 45-м з’ездзе грамадскаму аб’яднанню трэба выбраць 80 дэлегатаў.

Анастасія Дземідовіч,
першы сакратар райкама БРСМ.