Дарожны акцэнт бяспекі. Якія пытанні разглядалі на красавіцкім пасяджэнні Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта

Дарожнае пытанне адно з самых абмяркоўваемых.
Яно заўжды на парадку дня. Разглядалася тэма і на красавіцкім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

Дарожнае пытанне па колькасці зваротаў грамадзян трывала ўваходзіць у тройку найбольш актуальных і часта ўздымаемых землякамі. З разнастайнымі скаргамі на дарожныя нязручнасці гараджане і вяскоўцы звяртаюцца і на гарачую лінію «ЛВ». Толькі сёлета просьба ад дапамозе гучала з розных адрасоў: райцэнтра, Пад’язаўля, Вялікай Лотвы, Крывошына, іншых населеных пунктаў. Зразумела, што дарожная тэма на пастаянным кантролі мясцовай улады. Вось і на красавіцкім пасяджэнні райвыканкама размова ішла пра рэалізацыю мерапрыемстваў па павышэнні бяспекі дарожнага руху на тэрыторыі Ляхавіччыны.

Безгаспадарчасць – адна з прычын аварыі
Стан дарог, узровень іх утрымання істотна ўплываюць на якасць дарожнага руху. Супрацоўнікі АДАІ РАУС, райЦГіЭ, якія пастаянна манітораць стан дарожнай сеткі, прыпыначных пунктаў, канстатуюць: недахопаў выяўляецца нямала. А некаторыя з іх становяцца адной з прычын дарожна-транспартных здарэнняў. Начальнік АДАІ РАУС Яўгеній Вайшэвіч у якасці прыкладу прывёў сёлетняе ДТЗ, у якім загінуў чалавек. Вадзіцель аўтамабіля не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з яшчэ адным аўто. Падчас правядзення разбіральніцтва было ўстаноўлена, што праезная частка не была апрацавана супрацьгалалёднай сумессю. Вінаватая службовая асоба ДРБУ-200
(у зоне адказнасці арганізацыі гэты ўчастак аўтадарогі) прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.
Яшчэ адна акалічнасць, якая істотна ўплывае на бяспеку дарожнага руху – стан тэхнікі. Старшыня райвыканкама Мікалай
Мароз адзначыў, што па-ранейшаму маюць месца факты, калі на лінію выязджае транспарт зношаны ці з няспраўнасцямі. Таксама начальнік АДАІ звярнуў увагу кіраўнікоў дарожных службаў на неабходнасць самім выяўляць праблемныя моманты на замацаваных за арганізацыямі ўчастках. І не толькі выяўляць, але і выпраўляць іх, а не чакаць, пакуль супрацоўнікі дзяржаўтаіспекцыі правядуць праверкі і выдадуць прадпісанні. Ужо ў гэтым годзе службовая асоба ДРБУ-200 прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці за невыкананне прадпісання АДАІ РАУС.
Летась у Ляхавіцкім раёне зарэгістравана 8 ДТЗ (на 5 менш,
чым у 2022 годзе), раненні атрымалі дзевяць чалавек, са смяротным зыходам аварый не было, а ў 2024 годзе такая аварыя мела месца.

У заліку – зробленае і прафілактыка
Летась дадзены шэраг даручэнняў арганізацыям, у чыёй кампетэнцыі дарогі ў райцэнтры і сельскіх населеных пунктах. На кантролі і даручэнні зацікаўленым службам, якія займаюцца прафілактычнай
работай сярод дзяцей і моладзі. Якія з пастаўленых задач выкананы? Галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Алена Міклашэвіч спынілася на асноўных пунктах. ДРБУ-200 уладкавала асфальтавае пакрыццё ўчастка аўтадарогі Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы, правяло бягучы рамонт пад’езда да вёскі Падбарочча, вуліцы Арлоўскага ў райцэнтры, аўтадарогі ў вёсцы Літве. Прафіляваны дарогі, вуліцы, абочыны працягласцю 1,24 тысячы кіламетраў, на 110 кіламетрах выкананы ямачны рамонт, 8,8 кіламетра гравійных дарог падсыпана. Работнікі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» уладкавалі штучныя няроўнасці па вуліцы Янкі Купалы (недалёка ад СШ № 1) і па вуліцы Южакова (каля адміністрацыйнага будынка камунгаса), паставілі прыпыначныя пункты «Гімназія» з абодвух бакоў па вуліцы Леніна. Доўгачаканы рамонт з асфальтаваннем дачакаліся часткі гарадскіх вуліц Гагарына, Кастрычніцкай, Сонечнай, Вакзальнай.
Разам з тым ёсць і негатыўныя моманты. Сярод асноўных Алена Міклашэвіч называе нездавальняючы стан дарожнага пакрыцця па вуліцы Чкалава і на мосце праз раку Ведзьму ў райцэнтры. Аналагічная карціна і на вуліцы Леніна ў Літве, Цэнтральнай – у Шавялях.
Згодна з абласным планам па павышэнні бяспекі дарожнага руху палепшана вонкавае светладыёднае асвятленне ў вёсцы Галаўнінцы, устаноўлены прыпыначны пункт грамадскага транспарту на аўтадарозе Русінавічы – Пашкоўцы. Ліквідацыя ямачнасці праезнай часткі і ўмацаванне ўскрайку дарог, замена дарожных знакаў, выдаленне аварыйна небяспечных дрэў – частка зробленага ДЭУ-24, якое абслугоўвае на Ляхавіччыне больш за 47 кіламетраў аўтадарог. ДЭУ-23 (зона адказнасці – 33 кіламетры аўтадарог нашага раёна) аналагічныя работы правяло на замацаваных участках.
Праходжанне дзяржтэхагляду тэхнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна – яшчэ адзін важны складнік дарожнай бяспекі. Як, дарэчы, і своечасовае прыбранне меры па ўтрыманні вуліц і дарог зімой. Размова пра забяспечанасць пясчана-салявой сумессю, своечасовае прыбіранне снегу, работу дыспетчарскай службы. Алена Міклашэвіч падкрэсліла, што значных прэтэнзій да работы дарожных і камунальных службаў у зімовым сезоне 2023/2024 гадоў не было.
Істотную работу ў плане прафілактыкі ДТЗ з удзелам дзяцей і падлеткаў праводзяць установы адукацыі. Гэта, у тым ліку, і разнастайныя акцыі, сустрэчы, размовы са школьнікамі і іх бацькамі. Аўтобусы, якія падвозяць дзяцей да школ і дзіцячых садкоў, абсталяваны відэарэгістратарамі, маршруты руху ўзгадняюцца з АДАІ. Вадзіцелі перад выездам на лінію штодзённа праходзяць медагляд.

Сёлетнія планы і задачы
Сярод задач на 2024 год – паляпшэнне вонкавага светладыёднага асвятлення аграгарадка Нача, устаноўка бар’ернай агароджы на мосце у Задвор’і, уладкаванне прыпыначнага пункта грамадскага транспарту па вуліцы Южакова ў Ляхавічах. Не застануцца без увагі і будуць прадоўжаны работы па ўстаноўцы новых і замене састарэлых дарожных знакаў, бягучым рамонце і асфальтаванні вулічна-дарожнай сеткі, навядзенні парадку на прыдарожных палосах. Як падкрэсліў кіраўнік раёна Мікалай Мароз, арганізацыі, якія вядуць дарожныя работы, павінны ўжо сёння акрэсліць планы і задачы на
2025 год, каб атрымаць бюджэтнае фінансаванне. Акцэнт не толькі на тэмпы дарожных работ, але і на іх якасць. Тым больш, што 2024-ы ў Беларусі – Год якасці.

Галіна КАНЬКО.