«Вікторыя» з гісторыяй. Сэрвіснай. Ляхавіцкі аўтацэнтр «Вікторыя» адзначае юбілей – дваццацігоддзе з дня свайго заснавання

Калектыў ПСУП «Аўтацэнтр «Вікторыя»

Сэрвісная аўтарызацыя

9 красавіка прыватнае сэрвіснае ўнітарнае прадпрыемства «Аўтацэнтр «Вікторыя», якое прапісана па вуліцы Юбілейнай, 19 у Ляхавічах, адзначыла дваццацігоддзе з дня свайго заснавання. Яго гісторыя пачалася з аўтасэрвісу, стваральнікам якога стаў ляхавічанін Віктар Шчука.
Тэхнік-механік па адукацыі, ён дзейнічаў рашуча і ўпэўнена, калі трэба – рызыкаваў, прымаў нестандартныя рашэнні. Дваццацігадовая гісторыя канкурэнтаздольнага прадпрыемства пацвердзіла правільнасць выбранага некалі курсу, паказала кампетэнтнасць і прадбачлівасць Віктара Шчукі, які тры гады запар у абласным конкурсе прызнаваўся лепшым прадпрымальнікам Брэстчыны.
Сёння «Вікторыя» з ляхавіцкім адрасам вядома ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, а працай са знакам якасці заслужыла важкі аўтарытэт.
Пачатак сваёй справе паклала захапленне Віктара Шчукі тэхнікай, з якой ён пасябраваў яшчэ ў школе. Свой першы трактар сабраў з металалому ў дзявятым класе – каб бацьку было лягчэй хадзіць за плугам.

Дырэктар «Вікторыі» Віктар Шчука – лідар па жыцці, адметны знаўца тэхнікі, змог стварыць каманду, якая займае надзейныя пазіцыі ў аўтасэрвісе. Рашучы, нераўнадушны і кампетэнтны, ён паспявае кіраваць аўтацэнтрам і паспяхова займацца сваім хобі: стварэннем музея рэтратэхнікі і пчалярствам.

Станцыя па тэхнічным абслугоўванні аўтамабіляў стала для Шчукі стартам у вялікую справу. Праз кароткі час аўтасэрвіс атрымаў права на правядзенне дзяржтэхагляду транспартных сродкаў усіх катэгорый. На дыягностыку машын сюды ехалі аўтаўладальнікі з Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага, Ганцавіцкага раёнаў. У іх дзяржтэхагляд з’явіўся толькі праз два гады.
Але і на гэтым Шчука не спыняецца. «Вікторыя» закупляе новае абсталяванне, і аўтацэнтр становіцца паўнакамплектнай станцыяй дзяржтэхагляду.
З 2005 года аўтацэнтр «Вікторыя» з’яўляецца афіцыйным сэрвісным партнёрам Мінскага аўтамабільнага завода і ажыццяўляе абслугоўванне, гарантыйны і паслягарантыйны рамонт МАЗаў. А на базе шасі тут робяць і ўласныя вялікагрузныя аўто. Машыны ляхавіцкай вытворчасці арыгінальныя па сваім канструктарскім рашэнні і адпавядаюць усім міжнародным стандартам, маюць экалагічны ўзровень рухавіка «Еўра-5».
Невялікі экскурс у мінулае. Спецыялісты аўтацэнтра разам з канструктарамі завода распрацавалі дакументы на пераабсталяванне аўтамабіляў МАЗ у Ляхавічах – заводская
камплектацыя падыходзіла не ўсім сельгаспрадпрыемствам, бо іх памяшканні для тэхнікі былі абсталяваны пад габарыты ГАЗаў і ЗіЛаў. І «Вікторыя» пачала рэдызайн кузаваў пад запыты кліентаў. Далей – больш. Работнікі навучыліся рабіць з нуля 10- і 20-тонныя кузавы.
Аўтарытэт ляхавіцкага аўтацэнтра бясспрэчны – восем гадоў з «Вікторыі» ў сельгасарганізацыі Брэстчыны накіроўваліся МАЗы з прычэпамі. Менавіта ў Ляхавічах пасля завода-вытворцы тэхніка праходзіла перадпродажную падрыхтоўку і тэхнічнае абслугоўванне, а потым па размеркаванні «Белаграсэрвіса» адпраўлялася ў гаспадаркі вобласці. За год з «Вікторыі» выязджалі да 200 аўтамабіляў. А далей аўтацэнтр атрымаў дазвол МАЗа, і спецыялісты ПСУП праводзілі выязное тэхабслугоўванне і гарантыйны рамонт на месцы ў сельгаспрадпрыемствах.
«Вікторыя» – адзіная ў Беларусі 12 гадоў назад атрымала ў Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сертыфікацыі пасведчанне аб прысваенні міжнароднага ідэнтыфікацыйнага кода вытворцы (VIN-кода). З таго моманту аўтацэнтр выконвае капітальны рамонт аўтамабіляў з заменай рамы з пераносам на іх VIN-кода. Маецца ў ПСУП і адабрэнне тыпу транспартнага сродку, выдадзенае Дзяржстандартам.
Аўтацэнтр «Вікторыя» – афіцыйны дылер Мінскага і Яраслаўскага маторных заводаў, а таксама буйнейшай кітайскай кампаніі па вытворчасці рухавікоў «Вэйчай Холдынг Груп». Такім чынам, у руках спецыялістаў цэнтра не толькі ўсе адпаведныя дазволы, але і тэхнічныя магчымасці ў спалучэнні са шматгадовым вопытам. Важны факт: спецыялісты аўтацэнтра для тэхабслугоўвання і рамонту аўтатэхнікі МАЗ штогод праходзяць на заводзе навучанне. Без адпаведнага допуску да адказнай работы не прыступае ні адзін спецыяліст.
Надзейнасць работы «Вікторыі» пацвярджае колькасць заказаў ад кліентаў. Летась, напрыклад, у аўтацэнтры «Вікторыя» пераабсталявана 28 новых кузаваў аўтамабіляў МАЗ-6501 з павелічэннем памеру да 1 700 міліметраў. За 2023 год са знакам «Зроблена ў аўтацэнтры «Вікторыя» выйшлі шэсць новых кузаваў, зроблены чатыры новыя падрамнікі, адрамантаваны 158 МАЗаў, тэхнічнае абслугоўванне прайшлі больш за 240 машын.
Мала хто ведае, што першы кітайскі рухавік на аўтамабіль МАЗ-6501 устанаўліваў менавіта аўтацэнтр «Вікторыя». Пасля двух гадоў паспяховага тэсціравання МАЗ даў згоду на запуск кітайскага рухавіка на заводскім канвееры.

Справа сямейная і музейная

«Вікторыя» стала цэнтрам інтарэсу не толькі Віктара Шчукі, але і яго сыноў Андрэя і Міхаіла, якія падтрымалі справу бацькі і змаглі стварыць уласны бізнес.
2012 г. Першы аўтамабіль са знакам «Зроблена ў «Аўтацэнтры «Вікторыя» –самазвал на шассі МАЗ з VIN-кодам 65МА-10, дзе МА –першыя літары імёнаў сыноў Шчукі.

За два дзесяцігоддзі «Вікторыя» аб’яднала сям’ю – поплеч з бацькам працавалі і сыны Міхаіл і Андрэй, якія ў 2005 годзе атрымалі дыпломы на права правядзення тэхабслугоўвання і рамонту аўтамабіляў МАЗ. Яшчэ дзесяцігоддзе яны пераймалі бацькоўскі майстар-клас. Зараз у сыноў ужо свой уласны бізнес: рамонт МАЗаў і іншай тэхнікі.
Па слядах аўтарытэтнага і паважанага дзеда пайшоў унук Захар, які навучаецца на другім курсе Мінскага аўтамеханічнага каледжа імя Высоцкага.
Віктар Шчука не з тых прадпрымальнікаў, хто пры наладжанай рабоце прадпрыемства будзе адпачываць на лаўрах. Разам з развіццём сваёй справы выношваў ідэю стварэння музея рэтратэхнікі. І мара хутка стане рэальнасцю. Сёння ў калекцыі Віктара Іванавіча больш за сотню экспанатаў радыёпрыёмнікаў і столькі ж гадзіннікаў, рарытэтныя фотаапараты, тэлевізары, музычныя інструменты (сярод іх фанограф Эдысана, шарманка «Арыстон», якой больш за 200 гадоў і іншыя). Аўтапарк будучага музею налічвае больш за дзве сотні мадэляў веласіпедаў, мапедаў, аўтамабіляў, трактароў і г. д. У экспазіцыі і два камбайны, тэлефонная будка і іншыя эксклюзіўныя экспанаты.
– Гісторыю трэба памятаць, – падкрэслівае дырэктар «Вікторыі», які аднойчы вырашыў, што пасля сябе трэба нешта пакінуць. І гэта будзе музей тэхнікі.
Калекцыю рарытэтаў пачаў МАЗ-205 1947 года выпуску, які калекцыянер знайшоў у Вілейскім раёне. А сімвалам «Вікторыі» стала легкавушка ГАЗ-М20 «Перамога» 1955 года выпуску.
– Побач з гэтай машынай прайшло маё дзяцінства – ёй валодаў сусед па завулку Грушаўскім дзядзька Лёня. Яго «Перамога» ўпрыгожыць пастамент на ўваходзе ў музей. Аўто будзе падсвечвацца, у ім будуць запальвацца фары, – дзеліцца музейнымі планамі Віктар Шчука.
У калекцыі і МАN 1939 года выпуску, што працуе на любым відзе паліва, «масквічы» і «волгі», «запарожцы», спецаўтатэхніка і многае іншае. ГАЗ-67 1943 года выпуску традыцыйна прымае ўдзел у святкаванні ў раёне 9 Мая і Дня Незалежнасці. Грузавы аўтамабіль MAN 630 L2 нямецкай вытворчасці не раз выступаў у ваенна-гістарычных рэканструкцыях і на рэспубліканскіх мерапрыемствах.
Дарэчы, уся рарытэтная тэхніка на хаду і мае адпаведныя дакументы на ўдзел у дарожным руху.
Віктар Шчука з гонарам дэманструе экспанаты і расказвае, дзе і як яны будуць размешчаны, а куды з адкрыццём музея пераселіцца вытворчасць. Усё прадумана да дробязяў. Пляцоўкай для выставы сельскагаспадарчай тэхнікі стане аўтапоезд МАЗ даўжынёй 47 метраў, на якім раскватаруюцца экспанаты ад драўлянай сахі і бараны да іх сучасных аналагаў. У музеі рэтратэхнікі плануецца і міні-рэстаран з кухняй, а таксама рэтрамайстэрня. Ужо і аўтобус маецца, каб вазіць турыстаў на экскурсію па роднай Ляхавіччыне.
Віктар Шчука адзначае, што яму шанцуе на добрых людзей, і ўсім, з кім сутыкнула яго жыццё, удзячны за разуменне, нераўнадушша і дапамогу. Словы прызнання і ў адрас калектыву аўтацэнтра «Вікторыя», у штаце якога ІТР, слесары, зваршчыкі, будаўнічая брыгада і іншыя. Сярод іх і старажылы прадпрыемства, хто пачынаў працоўную дзейнасць у сэрвісным цэнтры.
Загадчык майстэрняў Алег Баранаў у аўтацэнтр прыйшоў зваршчыкам, а пасля заняў пасаду інжынера па дзяржтэхаглядзе. Сёння ў «Вікторыі» Алег Баранаў – галоўны майстар па вырабе кузаваў. 20 гадоў у «Вікторыі» і загадчык склада Галіна Міклашэвіч. Менавіта яна ўвесь працоўны дзень на анлайн-сувязі з МАЗам. Інжынер па гарантыі аўтамабіляў МАЗ Аляксандр Швайко пачынаў слесарам і ў аўтацэнтры больш за 15 гадоў. За больш як дзесяцігоддзе працы зарэкамендаваў сябе добрасумленным работнікам апальшчык Віктар Папко, дзевяць гадоў працуе зваршчыкам Уладзімір Жук. Як пра родных людзей, расказвае Віктар Іванавіч пра былога галоўнага бухгалтара Антаніну Касцюкову і начальніка станцыі дзяржтэхагляду Леаніда Ламаннікава, з якімі разам пачыналі «Вікторыю», вучыліся прадпрымальніцкай справе, радаваліся яе поспехам, настойліва пераадольвалі цяжкасці. У дваццацігоддзе ПСУП «Аўтацэнтр «Вікторыя» Віктар Шчука ўсім гаворыць шчыры дзякуй!

Загадчык складам Галіна Міклашэвіч і галоўны бухгалтар  Жанна Морская.


Расказ пра аўтацэнтр «Вікторыя» і яго дырэктара Віктара Шчуку быў бы не поўным, калі не ўзгадаць адзін штрых да партрэта – захапленне пчалярствам. Віктар Іванавіч – пчаляр з 35-гадовым стажам. Пяць вулляў на старце з цягам часу павялічыліся да паўсотні. І гэта яшчэ адно пацвярджэнне маштабнасці асобы Шчукі – рабіць справу так, каб было максімальна добра.
– Люблю і ганаруся сваёй малой радзімай – Ляхавічамі і хачу, каб сюды прыязджалі не толькі кліенты аўтацэнтра «Вікторыя», але і госці раёна. Спадзяюся, што музей стане папулярнай турыстычнай кропкай, і з Ляхавічаў паедуць не толькі новыя МАЗы, але і сюды прыедуць аўтобусы з турыстамі, – гаворыць Віктар Шчука.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Слесары Васілій Маслоўскі, Юрый Юковіч, Аляксей Сёмуха, інжынер па гарантыі Аляксандр Швайко
Загадчык майстэрняў Алег Баранаў (другі злева), газаэлектразваршчыкі Яўгеній Каласоўскі, Уладзімір Жук, Дзяніс Руткоўскі.
Будаўнічая брыгада: Аляксандр Дудук, Яўгеній Васілько, Сяргей Ячмяновіч, Сяргей Шкрапко.
Кузаў вытворчасці «аўтацэнтра «Вікторыя». Электрагазазваршчык Дзяніс Руткоўскі.
У рэтракалекцыі Віктара Шчукі не менш за паўтысячы экспанатаў, якія ён збіраў амаль два дзесяцігоддзі. У аўтапарку больш за дзве сотні адзінак транспарту: веласіпеды, мапеды, грузавыя і легкавыя аўтамабілі, трактары калёсныя і гусенічныя, дзіцячыя механічныя машынкі і г. д. У калекцыі больш за сотню эксклюзіўных гадзіннікаў, прайгравальнікаў, радыёпрыёмнікаў і тэлевізараў, фотаапаратаў… А яшчэ – старыя інструменты, радыёпрыборы, прасы і іншыя прадметы побыту мінулых стагоддзяў.