Яшчэ адзін крок да гістарычнай падзеі

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Самая масавая маладзёжная арганізацыя краіны вылучыла 80 дэлегатаў на Усебеларускі народны сход. У мінулы
аўторак на 45-м з’ездзе грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» адно з пытанняў мела
асаблівы гістарычны характар – вылучэнне кандыдатаў УНС

– Сёння выберуць дастойных рабят, якія на Усебеларускім народным сходзе, сёмым па ліку, але першым у новым канстытуцыйным статусе, будуць разам з членамі Урада, дэпутатамі Парламента, прадстаўнікамі рэгіёнаў вырашаць лёс Беларусі: па Ваеннай дактрыне, Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі.
Будуць – як маладыя людзі, як людзі з асаблівым пунктам гледжання – напэўна спрачацца. Будуць ставіць пад сумненне нейкія тэзісы, але і напэўна – як прадстаўнікі самай канструктыўнай часткі нашай моладзі – будуць прапаноўваць свае дастойныя ідэі, – адзначыў намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў.
Першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў не аднойчы адзначаў, што і маладзёжны з’езд таксама падзея гістарычная. Прадстаўнікі моладзі з розных рэгіёнаў – студэнты, працоўная моладзь, ваенныя, спартсмены і людзі творчых прафесій – гэта людзі, якія даказалі на справе, што дастойныя прадстаўляць інтарэсы моладзі на УНС. І разам з тым разумеюць адказнасць, з якой яны будуць працаваць бліжэйшыя пяць гадоў. Сёмы па ліку сход пройдзе ў новым фармаце, у фармаце павышанай адказнасці кожнага з дэлегатаў.
Дзясятка актывістаў БРСМ з Брэстчыны ў гэты дзень таксама перайшла са статусу кандыдатаў у статус дэлегатаў. Першыя сакратары абкамаў з гонарам прадстаўлялі ўдзельнікам з’езда сваіх вылучэнцаў.
Прыемна, што сярод 80 дэлегатаў УНС – і прадстаўнік Ляхавіцкай раённай арганізацыі БРСМ – галоўны рэдактар раённай газеты «Ляхавіцкі веснік» Маргарыта Кухта-Маслоўская.
– Разумею адказнасць, якая ляжыць на дэлегатах УНС. Выдатна, што ў нашай краіне моладзі давяраюць удзел у справах дзяржаўнай важнасці. Пытанні сур’ёзныя, мы вызначаем, якім шляхам будзем ісці далей, як далей будзем пазіцыянаваць сябе на міжнароднай арэне. Таму ўсе наказы, што будуць агучаны, дэлегаты павінны прапусціць праз рабочыя калектывы свайго рэгіёна, а дэлегаты ад БРСМ данесці моладзі акцэнты сходу. Разам з тым разумею, што на дэлегатах адказнасць і за выкананне прынятых рашэнняў, – адзначыла Маргарыта Кухта-Маслоўская.

Анастасія ДЗЕМІДОВІЧ,
першы сакратар райкама БРСМ.