Шлюб у вясновы дзень. Сакавіцкі «ўраджай» на Ляхавіччыне

Дзве дзяўчынкі і шэсць хлопчыкаў – сакавіцкі «ўраджай» на Ляхавіччыне. Два нараджэнні зарэгістраваны ў аддзеле загса райвыканкама, шэсць у сельвыканкамах: па два ў Жарабковіцкім і Навасёлкаўскім, па адным у Крывошынскім і Альхоўскім сельвыканкамах.

Аляксандра і Ева – так бацькі назвалі сваіх дачок (дарэчы, дзяўчынкі ў сваіх сем’ях другое дзіця).
Сакавіцкія хлопчыкі атрымалі імёны Мірон, Дзяніс, Яўгеній, Арцём, Ян, Максім. Здаравячком месяца стаў Арцём, вага якога пры нараджэнні склала 4 250 грамаў пры росце 54 сантыметры.
Сярэдні ўзрост бацькі – 33 гады, маці – 27. У сакавіку самыя маладыя бацька – 26-гадовы, маці – 19-гадовая. Стаў бацькам і 42-гадовы зямляк, маці – у 37-гадовым узросце.
Першае дзіця нарадзілася ў адной сям’і, другое – у пяці, а трэцяе – у дзвюх сем’ях.
На Ляхавіччыне ў першым месяцы вясны згулялі шэсць вяселляў, з якіх адно зарэгістравана ў Жарабковіцкім сельвыканкаме, астатнія – у горадзе. Адзін шлюб быў зарэгістраваны паміж беларускай і грамадзянінам Малдовы.
Сярэдні ўзрост сакавіцкага жаніха – 36 гадоў, нявесце 37.
Юнымі маладымі, па звестках аддзела загса райвыканкама, сталі 23-гадовы жаніх і 19-гадовая нявеста. Марш Мендэльсона гучаў і для 69-гадовага ляхавічаніна і яго 67-гадовай абранніцы.
Нашы землякі ўсё часцей рэгіструюць свае адносіны напярэдадні святаў. У сакавіку, напрыклад, шлюбы зарэгістраваны 7 сакавіка і перад Днём Канстытуцыі, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса Ляхавіцкага райвыканкама Вольга Новік.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.