Адзін за ўсіх, усе за аднаго. У Ляхавічах абрана «Сям’я года»

Заўсёды Гатоўчыцы!

У Дзень сям’і прыўзнятая і цёплая атмасфера панавала ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Тут сабраліся госці, блізкія і родныя, сябры, каб падтрымаць удзельнікаў раённага конкурсу “Сям’я года”. Героямі свята сталі сем’і ляхавічан Гатоўчыцаў – Валянцін, Аксана і іх дзеці Міхаліна, Аліна, Уладзік; Дыдышкаў – Аляксандр, Вольга і дзеці Юля, Насця і Ільюша, Мацюшэнкаў – Дзмітрый, Марыя і тры іх сыны Данііл, Павел і Максім; Юрчыкаў – Віктар і Ніна, сын Саша, дачка Дзіяна. Яны не пабаяліся паказаць свае здольнасці і таленты, раскрыць складальнікі дружнага і шчаслівага сямейнага ачага.

Каманды творча падышлі да іспытаў. Падчас прэзентацыі візітнай карткі “Радавод” арыгінальна і цікава расказвалі пра гісторыю свайго роду, сямейныя традыцыі і звычаі, выкарыстоўваючы архіўныя матэрыялы, дакументы, сямейныя фотаальбомы, старыя пісьмы. Генеалагічнае дрэва кожнай сям’і мае мноства галінак з адметнай гісторыяй.

Сям’я аб’ядноўвае не толькі роднасцю, але і агульнымі пачуццямі, інтарэсамі, адносінамі да жыцця. Пра свае захапленні, дасягненні і поспехі падчас прэзентацыі сацыяльна значнага праекта “Мая краіна – мая сям’я” расказвалі таты, мамы і іх дзеці. І хоць сем’і канкурсантаў вельмі розныя, кожная мае свой “твар”, шчаслівыя людзі ўсё ж такі ў нечым падобныя. Усе працавітыя і старанныя, сябруюць са спортам, любяць падарожнічаць і мараць пра светлую будучыню сваіх дзяцей. На чале кожнай сям’і – сапраўдныя мужчыны. Пабудавалі дамы, гадуюць сыноў, дочак, падтрымліваюць і дапамагаюць сваім прыгожым паловам. Жанчыны – верныя сяброўкі і клапатлівыя маці — паспяваюць не толькі ствараць утульнасць і прыгажосць у дамах, а, наогул, маюць актыўную жыццёвую пазіцыю (дарэчы, маці ў трох з чатырох сем’яў-канкурсантак – настаўніцы). Усе бацькі з гонарам расказвалі пра таленты і дасягненні сваіх дзяцей.

У доме Дыдышкаў – лад і ўтульнасць.

У трэцім конкурсе “Мы таленавітыя” каманды прэзентавалі свае здольнасці, дэманстравалі артыстычныя і вакальныя даныя.

У такім сузор’і талентаў журы было вельмі цяжка вызначыць сям’ю для прысуджэння ганаровага звання – кожная вартая перамогі. Але ж конкурс ёсць конкурс. Прадстаўляць Ляхавіччыну на абласной “Сям’і года” будуць Гатоўчыцы. Захавальніца сямейнага ачага Аксана працуе намеснікам дырэктара гімназіі, муж Валянцін – аўтаслесар. Дочкі Міхаліна і Аліна віртуозна іграюць – адна на скрыпцы, другая на саксафоне, сын Уладзіслаў захапляецца спортам, любіць, як і бацька, што-небудзь майстраваць. Па жыцці ідуць з дэвізам “Будзь гатовы! Заўсёды Гатоўчыц!”. Ад арганізатараў (якія вельмі ўдзячны спонсарам мерапрыемства) у дадатак да заслужанага звання атрымалі мульціварку.

Дарэчы, усім сем’ям былі ўручаны каштоўныя прызы, а ад раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа дзеці атрымалі сюрпрызы.

Ствараў добры настрой ва ўдзельнікаў і гасцей свята народны ансамбль народнай песні і музыкі “Крыніца” ГДК.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Сіла сям’і Юрчыкаў – ва ўзаемаразуменні.

Марына Мацюшэнка і чацвёра яе любімых мужчын

One thought on “Адзін за ўсіх, усе за аднаго. У Ляхавічах абрана «Сям’я года»

  • 26/05/2014 в 23:17
    Permalink

    Мероприятие замечательное! Но почему бы его было не провести в большом зале, например в ГДК? Пригласить побольше гостей, чтобы получился настоящий праздник семей. Такие талантливые участники, такой пример для других!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *