А ў вяселля – юбілей. Аддзел загса Ляхавіцкага райвыканкама падказвае, якія бываюць вясельныя юбілеі

Аддзел загса Ляхавіцкага райвыканкама запрашае сямейныя пары, якія жывуць у міры, любві, згодзе ўжо шмат гадоў, правесці ўрачыстую цырымонію, прысвечаную памятнай даце сямейнага жыцця, у аддзеле загса па асобным сцэнарыі.
Якія бываюць вясельныя юбілеі? Падказваем!
5 гадоў – драўлянае вяселле. Сям’я стала дастаткова моцнай, але яшчэ варта асцерагацца пажараў (сямейных сварак), згубных для дрэва. У гэты дзень прынята дарыць драўляныя рэчы.
10 гадоў – ружовае вяселле. Ла-дзяцца вясельныя танцы, а госці за-прашаюць тых, хто быў на вяселлі. Усе танцуюць з ружамі ў левай руцэ. Муж дорыць жонцы букет пунсовых руж як сімвал кахання і вернасці.
15 гадоў – хрустальнае (шкляное) вяселле. Хрусталь, звонкі і чысты, сімвалізуе чысціню і празрыстасць сямейных адносін. Лепшыя падарункі –
вырабы з хрусталя і шкла.
20 гадоў – фарфоравае вяселле. Фарфор – тонкі, лёгкі, прыгожы і крохкі матэрыял. Таму і да 20-гадовага шлюбу трэба ставіцца сур’ёзна: калі муж і жонка не будуць асцярожнымі, ён можа разбіцца. У гэты дзень на святочны стол выстаўляецца новы фарфоравы посуд. Госці таксама дораць гаспадарам вырабы з фарфору.
25 гадоў – сярэбранае вяселле. Сямейны саюз высакародны і трывалы, як гэты метал. Існуе традыцыя надзяваць побач з залатым заручальным пярсцёнкам сярэбраны. Госці дораць падарункі з серабра.
30 гадоў – жамчужнае вяселле. Муж дорыць жонцы каралі з трыццаці жамчужын, што сімвалізуе трыццаць пражытых разам гадоў. Кожны год дарагі і цудоўны, як жамчужына.
35 гадоў – палатнянае (каралавае) вяселле. Палатно – сімвал трываласці. А карал мае ўласцівасць хутка разрастацца і ўтвараць каралавыя рыфы. Таму і на каралавае вяселле ў маладажонаў павінна ўжо быць вялікая сям’я, з вялікай колькасцю ўнукаў. Падарункі – вырабы з палатна і каралаў.
40 гадоў – рубінавае вяселле. Сімвал –
рубін – камень кахання, агня і пылаючага пачуцця, якое не згасне ніколі, бо праверана часам. Муж дорыць жонцы пярсцёнак з рубінам, што сімвалізуе каханне і кроўнасць роднасці.
45 гадоў – сапфіравае вяселле. Сімвал гадавіны – сапфір – камень кахання, абараняе ад зла, камень абнаўлення і дабрыні. Дзякуючы яму адносіны паміж мужам і жонкай стануць быццам новымі, свежымі. Яны абменьваюцца вырабамі з сапфірамі. А іх адзенне павінна быць у сініх тонах. Госці дораць падарункі сіняга колеру або звязаныя з вадой.
50 гадоў – залатое вяселле. Золата ўвасабляе штосьці дасягнутае нялёгкай працай. Людзі, якія пражылі разам паўстагоддзя, даказалі ўзаемнае каханне, павагу, давер і вернасць. У знак цёплых пачуццяў муж і жонка абменьваюцца залатымі ўпрыгажэннямі. Існуе традыцыя абмяняцца новымі заручальнымі пярсцёнкамі, а старыя аддаць унукам як сямейную рэліквію.
55 гадоў – ізумруднае вяселле. Ужо пераадолены рубеж у паўстагоддзя. Свята праводзяць для сваіх бацькоў дзеці. Галоўным падарункам з’яўляецца ювелірнае ўпрыгажэнне з ізумрудам.
60 гадоў – брыльянтавае вяселле. Брыльянт – самы каштоўны і дарагі з усіх камянёў. Таксама і сямейнае жыццё даўжынёй 60 гадоў вельмі рэдкае і каштоўнае. Госці дораць пярсцёнкі з брыльянтамі.
Чакаем сямейныя пары са стажам, каб зрабіць дату падзеяй.
Тэлефон для папярэдніх кансультацый 2-16-58.
Вольга НОВІК, начальнік
аддзела загса райвыканкама.

