Поле нефутбольных сюрпрызаў у Ляхавічах. Нераўнадушныя ляхавічане звярнуліся ў газету

У верасні 2020 года падчас святкавання Дня горада Ляхавічы атрымалі ў падарунак міні-футбольную пляцоўку. Спартыўны аб’ект размясціўся ў мікрараёне вуліцы Інтэрнацыянальнай і прыйшоўся даспадобы тутэйшым спартсменам- аматарам. Аднак час дае пра сябе ведаць! У інстаграм-акаунт “ЛВ” звярнуліся нераўнадушныя жыхары, якія адзначылі, што футбольнае поле патрабуе ўвагі: агароджа дзе-нідзе струхляла, футбольныя вароты чакаюць новай сеткі, а цвікі сталі прычынай пакупкі не аднаго новага мяча. На чыім балансе поле, і хто ў адказе за яго стан?
–Футбольнае поле на балансе камунгаса. Да гэтага часу да нас не звярталіся з гэтай праблемай. 17 мая выехалі на спартыўны аб’ект, абследавалі. Праблемныя моманты ёсць. Сёння-заўтра вырашым пытанне з заменай элементаў драўлянай канструкцыі агароджы. Пасля закупім сетку і адрамантуем футбольныя вароты. Бяспека дзяцей – у прыярытэце! Будзем рады, калі да справы далучацца і мясцовыя жыхары, — адзначыў старшы майстар участка «Жылфонд» камунгаса Дзяніс Леснік.
Даведачна!
У рамках рэалізацыі сацыяльнага праекта «Bonfesto – дзецям» на вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры ў 2020 была пабудавана міні-футбольная пляцоўка. Маштабны сацыяльны праект, які рэалізавалі сумесна ААТ «Тураўскі малочны камбінат», Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» і мясцовыя органы ўлады, накіраваны на стварэнне ўмоў для развіцця дзіцяча-юнацкага спорту.
#АНАТОМІЯ ПРАБЛЕМЫ

