Навіны з дастаўкай на дом. Дзень падпісчыка правялі рэдакцыя «ЛВ» і паштавікі

– Люблю раёнку. Абавязкова выпісваю “Ляхавіцкі веснік”, дзякуючы яму, я ў курсе ўсіх падзей раёна. Тут столькі карыснай інфармацыі! – ляхавічанка Соф’я Ільюкевіч спецыяльна прыйшла на арганізаваны рэдакцыяй дзень падпісчыка “ЛВ”.

У гарадскім аддзяленні паштовай сувязі заўсёды шматлюдна, а ў мінулую сераду, калі праводзіўся дзень падпісчыка “ЛВ”, адчувалася яшчэ і асаблівая атмасфера сустрэчы сяброў—прыхільнікаў раённай газеты. З 20 чалавек, якія за 2 гадзіны аформілі падпісны абанемент на наступны квартал ці паўгоддзе, большасць мэтанакіравана ішлі на пошту менавіта за падпіскай.

– Падпісаўся адразу на паўгода. Ды і сюрпрыз прыемна атрымаць, – гаворыць яшчэ адзін пастаянны падпісчык Станіслаў Дзядзюра.

Радуе, што сярод прыхільнікаў раёнкі землякі розных узростаў.

– Колькі сябе памятаю, у нашай сям’і выпісвалі “Ляхавіцкі веснік”. Канешне, цяпер можна прачытаць навіны ў інтэрнэце. Але газета ў руках – зусім іншая справа! – упэўнена маладая ляхавічанка Дзіна Цімашок.

Некаторыя прывыклі купляць газету ў кіёсках “Белсаюздруку”. Як заўважыла адна з падпісчыц, атрымліваць па пошце куды зручней – навіны з дастаўкай на дом.  Не толькі рэдакцыя падрыхтавала сувеніры для сваіх падпісчыкаў, паклапаціліся пра падарункі – календары, газеты, часопісы – і паштавікі, якія афармлялі падпісныя абанементы.

Такія сустрэчы важныя і для газетчыкаў. Гэта яшчэ адна магчымасць пачуць ад чытачоў, што ім падабаецца ў газеце, якія тэмы закрануць, на якія пытанні атрымаць адказы.

Хто яшчэ не паспеў аформіць падпіску – паспяшайцеся. Зрабіць гэта можна ў любым аддзяленні сувязі, а таксама ў паштальёнаў. Усяго некалькі хвілін на афармленне абанемента – і атрымлівайце задавальненне: штотыдзень па серадах і суботах чакайце паштальёна з добрымі навінамі ад “Ляхавіцкага весніка”. Заставайцеся разам з раёнкай!

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і Наталлі ПЕРАПЕЧКА.

З падпіснымі абанементамі і падарункамі ад ЛВ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *