Ах, «Вечарніца»! На мінулым тыдні адбыўся юбілейны творчы вечар народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры

“25 – святкуем разам!”. Пад такой назвай прайшоў на мінулым тыдні юбілейны творчы вечар народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры. Імкненне калектыву і яго нязменнага кіраўніка Таццяны Пішч дабівацца дасканаласці ў выкананні рэпертуару, удалае яго дапаўненне гумарыстычнымі замалёўкамі і цікавымі гульнёвымі праграмамі – залог доўгага творчага жыцця “Вечарніцы”.

Шмат цудоўных песень прагучала падчас юбілейнай праграмы ў выкананні гэтага самабытнага калектыву. Жарты, тонкі народны гумар на працягу сустрэчы стваралі добры настрой – у зале было ўтульна ад цёплых усмешак гледачоў і радасна ад іх шчырых апладысментаў. Не абышлося і без віншаванняў. Пажаданні творчай актыўнасці, паспяховай дзейнасці, здароўя, шчасця і дабрабыту гучалі ў адрас юбіляраў ад імя райвыканкама, сяброў і калег.

Любоў да сваёй справы, невычэрпная энергія і аптымізм “Вечарніцы” падарылі гледачам шмат прыемных момантаў і ўражанняў.  “Будзьце здаровы, як рыжык баровы!” – такімі словамі традыцыйна развіталася са сваімі прыхільнікамі ляхавіцкая Лявоніха.

Святлана СТАЛЯРЧУК,

галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *