Колькасць і якасць кармавых адзінак у Ляхавіцкім раёне

Па народнай прыкмеце, калі раніцай на траве вялікая раса – дзень будзе спякотным. А яшчэ некалі касцы спяшаліся ў гэты час стаць у пракос: касі, каса, пакуль раса…

Насталі дні, спрыяльныя для корманарыхтовак. Але і да гэтага часу некаторыя сельгаспрадпрыемствы не драмалі: хоць і дажджы перашкаджалі, касавіцу распачалі своечасова, якраз тады, калі травы набралі масу і дасягнулі стадыі найбольшай спажыўнасці. Хто закладваў у траншэі сянаж, хто прэсаваў зялёны корм у рулоны, абцягнутыя плёнкай, хто касіў траву ў пракосы…

У СВК “Шлях новы” закладзены дзве траншэі сенажу. Якасныя параметры адпавядаюць патрабаванням. Як расказаў намеснік старшыні сельгаскааператыва па раслінаводстве Віталій Кульбіцкі, у работу ўключыліся 5 кормаўборачных адзінак (2 комплексы), 6 трактароў і 2 МАЗы, занятыя на адвозцы зялёнай масы. Удзельнікаў касавіцы падбадзёрваюць і меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. На комплексах КВК-800 паказваюць выдатныя вынікі Васілій Цыкман і Уладзімір Дзенісеня, на касілцы – Дзмітрый Петух, працуюць з граблямі Андрэй Арлоўскі і Аляксандр Саванчук, лепшыя на адвозцы зялёнай масы Васілій Варанчак, Уладзімір Пабягайла і Дзмітрый Анціпенка. Паспяхова спраўляецца з трамбоўкай корму ў траншэі Сяргей Васько, якога на ноч змяняе Юрый Дымар. Іх старанні адчувальна адаб’юцца на заробках, бо распрацаваныя ўмовы аплаты, якія на першы план вылучаюць тэмпы і якасць, прадугледжваюць значныя бонусы.

Так і ў СВК “Жарабковічы”, дзе на сенажаці выведзены магутны атрад тэхнікі, у арсенале якога 3 кормаўборачныя комплексы: “Ягуар”, КВК-800, КЗР «Палессе», касілкі КДН-2,1, механізаваны атрад (6 касілак, 3 грабель, 4 прэсы), а на адвозцы зялёнай масы заняты 6 МАЗаў, столькі ж трактароў. Пры арганізацыі спаборніцтва на касьбе і распрацоўцы мер маральнага і матэрыяльнага стымулявання таксама за аснову ўзята якасць кармоў, а гэты паказчык непарыўна звязаны з тэрмінамі правядзення работ: хутчэй – лепш. Наколькі лепш? Як расказаў галоўны эканаміст сельгаскааператыва Анатолій Ждановіч, за перавыкананне даведзеных нормаў (зразумела, з улікам якасных параметраў) кожны ўдзельнік касавіцы можа павялічыць свой заробак на 300 працэнтаў.

Меры заахвочвання для ўдзельнікаў корманарыхтоўчай кампаніі зацверджаны і ў СВК “Ляхавіцкі”. Напрыклад, за закладзеную за 3 дні траншэю ёмістасцю ў 1620 тон корманарыхтоўшчыкі, калі справяцца ў тэрмін, атрымаюць дадаткова 4 мільёны рублёў.

ДП “Нача” вызначыла стымулюючыя даплаты – 50 працэнтаў – за перавыкананне даведзеных нормаў і плюс 2 базавыя велічыні да асноўнай аплаты за кожную закрытую яму кармоў, калі справіліся раней тэрміну і вытрымалі якасныя параметры. Дарэчы, за ходам корманарыхтоўкі ў дзяржаўным прадпрыемстве можна сачыць па інфармацыі, якая рэгулярна абнаўляецца на стэндзе.

Як заўсёды, асаблівы клопат пра гарачае харчаванне ўдзельнікаў касавіцы. А яшчэ – пра тэхніку бяспекі і захаванне супрацьпажарных правіл. Без інструктажу не павінен прыступіць да работы ні адзін чалавек.

І ўсё ж некаторым сельгаспрадпрыемствам раёна патрэбна паскорыць тэмпы корманарыхтоўкі, на раскачку часу не засталося. На пасяджэнні райвыканкама, дзе разглядалася пытанне арганізацыі і правядзення касавіцы і нарыхтоўкі кармоў, кіраўнік раёна яшчэ раз звярнуў увагу на неабходнасць уключыць у работу ўсю наяўную кормаўборачную тэхніку, працаваць светлавы дзень, строга кантраляваць якасць закладваемых кармоў. У той жа час, не выпускаць з поля зроку выкананне іншых работ: вытворчасць і продаж малака дзяржаве па-ранейшаму задача першачарговай важнасці. І пра гэта трэба клапаціцца, у тым ліку, на пашы і сенажацях. Стварэнне шматкампанентных травяных угоддзяў, каб на кожную карову было не менш за паўгектара такой пашы, – нявырашаная ў некаторых сельгаспрадпрыемствах праблема. Да жніўня можна і неабходна правесці падсеў, ушчыльненне травастояў. Нельга забываць і пра падкошванне пашы, падкормку мінеральнымі ўдабрэннямі. Кожнай гаспадарцы патрэбна мець і пасевы насеннікаў шматгадовых траў.

Аднак вернемся да касавіцы. Раёну неабходна нарыхтаваць 22,7 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў на ўмоўную галаву жывёлы. Кіраўнікам, спецыялістам, усім работнікам сельгаспрадпрыемстваў важна сканцэнтраваць намаганні і не ўпусціць спрыяльныя тэрміны, у той жа час трэба памятаць, што кармы павінны быць якаснымі.

Кіраўнік раёна ўказаў на недапрацоўкі і спецыялістам райсельгасхарчу, пад строгі кантроль якіх узяты ўсе без выключэння моманты корманарыхтоўчай кампаніі.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *