Заўсёды з «Клопатам». На Брэстчыне праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, прадугледжаных міжведамаснай спецыяльнай праграмай “Клопат”

Каб летні адпачынак не быў азмрочаны, супрацоўнікі органаў унутраных спраў вобласці з 1 мая праводзяць комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, прадугледжаных міжведамаснай спецыяльнай праграмай “Клопат”.

Сёлета на тэрыторыі вобласці, упершыню за многія гады, назіраецца рост колькасці злачынстваў, учыненых непаўналетнімі ці з іх удзелам. Падлеткі ўчыняюць не толькі крадзяжы, але і цяжкія злачынствы. Так, 18 красавіка ў Кобрыне два 15-гадовыя школьнікі пнеўматычным пісталетам пашкодзілі шкло ў доме пенсіянеркі. 27 красавіка ў Брэсце падчас правядзення футбольнага матча трое падлеткаў на трыбунах выкарысталі самаробнае дымавое ўстройства.

Адміністрацыйная адказнасць за ўчыненыя непаўналетнімі правапарушэнні наступае з 16 гадоў, а за некаторыя найбольш распаўсюджаныя (дробны крадзеж ці хуліганства, прычыненне цялесных пашкоджанняў) – з 14 гадоў. Прычым, калі падлетак да моманту ўчынення супрацьпраўных дзеянняў не дасягнуў узросту адміністрацыйнай адказнасці, да адказнасці прыцягваюцца бацькі непаўналетняга.

Амаль 2 гады як унесены змяненні ў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія датычацца прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Нарматыўная база дазваляе накіроўваць падлеткаў у спецыяльныя закрытыя вучэбна-выхаваўчыя і лячэбна-выхаваўчыя ўстановы нават за ўчыненне імі на працягу года трох адміністрацыйных правапарушэнняў (напрыклад, наўмыснага прычынення цялеснага пашкоджання, знішчэння ці пашкоджання маёмасці, дробнага крадзяжу, дробнага хуліганства, распіцця алкагольных напіткаў, піва ў грамадскім месцы).

Разам з адміністрацыйнай адказнасцю непаўналетнія нясуць і крымінальную, якая наступае з 16-гадовага ўзросту. З 14 гадоў крымінальная адказнасць наступае за ўчыненне наўмыснага забойства, наўмыснага нанясення цяжкага цялеснага пашкоджання, згвалтавання, крадзяжу, рабавання, наўмыснага знішчэння або пашкоджання маёмасці, хуліганства і г. д.

У любым выпадку ўчыненне непаўналетнімі супрацьпраўнага дзеяння мае шэраг негатыўных для іх наступстваў: ад пастаноўкі на ўлік у міліцыі і паведамлення па месцы вучобы і па месцы працы бацькоў да адсутнасці магчымасці далейшага паступлення і працаўладкавання ва ўсе сілавыя структуры, праходжання тэрміновай службы ў элітных войсках Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Віктар МЕЛЬНІКАЎ,

намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *