Ляхавічы: вальс на мяжы дзяцінства і даросласці /фота/

Прыгожы сонечны горад, сотні паветраных шароў і рознакаляровыя кветкі, музыка, мноства ўсмешак і разгублена-шчаслівыя позіркі… Усё гэта стварала атмасферу радаснага і ў той жа час

крыху сумнага вечара – вечара развітання з дзяцінствам.

Вось і зазіхацела на школьным небасхіле яшчэ адно сузор’е выпускнікоў, і ў кожнай зоркі сваё імя. 11 гадоў яны ўспыхвалі яскравымі іскрынкамі на ўроках, паказвалі клас на алімпіядах, “запальвалі” на школьных вечарынах, пакаралі спартыўныя вяршыні. Цяпер перад імі – самастойная дарога.

У мінулую сераду ў Ляхавічах чарговы раз ладзілі баль “Не паўтараецца такое ніколі”. Пад апладысменты бацькоў, педагогаў і зусім незнаёмых людзей па плошчы Леніна прайшлі выпускнікі гімназіі, СШ № 1 і № 2, дэлегацыі школ раёна. І паімчаў віртуальны цягнік у гісторыю – па станцыях, кожная з якіх – старонка жыцця ўчарашніх школьнікаў.

Шчыра і сардэчна вітаў выпускнікоў, педагогаў, бацькоў, усіх прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. Пажаданні добрага шляху гучалі ад іерэя Максіма Долгага і ксяндза Станіслава Маленькага. Асаблівыя ўшанаванні і ўвага — медалістам. Сёлета 15 выпускнікоў (7 гімназістаў, 4 – з СШ № 2, па 2 – з СШ № 1 і Жарабковіцкай СШ) за выдатную вучобу і ўзорныя паводзіны ўзнагароджаны залатымі медалямі і грашовымі прэміямі. А маленькія ляхавічане ўручылі выпускнікам мяккія цацкі. Гучала над горадам чароўная мелодыя нестарэючага вальса, кружылі пары яшчэ нядаўна гарэзлівых хлопчыкаў і дзяўчынак, а сёння — грацыёзных юных дам і галантных кавалераў…

Урачыстыя словы клятвы выпускнікоў 2014 года — і ўзляцелі ў бясхмарнае неба рознакаляровыя паветраныя шары, за кожным з іх – задуманая мара.

Далей баль перамясціўся ў школы, дзе ўрачыста, з размахам і захаваннем традыцый ушаноўвалі выпускнікоў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *