Песні спявалі над Шчарай /фота/

На чэрвень прыпадае адно з галоўных праваслаўных святаў – Тройца. Значную ролю ў народным абрадзе святкавання здаўна адводзілі бярозе – сімвалу росквіту прыроды. З гэтым прыгожым дрэвам звязана шмат павер’яў. Лічылася, што бяроза засцерагае ад маланкі і грому, таму на свята двары і дамы ўпрыгожвалі яе галінкамі, дзяўчаты апраналіся ў самае лепшае адзенне, плялі вянкі, хадзілі вітаць бярозку і загадвалі жаданні.

У мінулую нядзелю на “Зялёныя святкі” на бераг Шчары ў аграгарадок Дарава з’ехаліся калектывы мастацкай самадзейнасці і народныя ўмельцы з усёй Ляхавіччыны. Абрадавыя, народныя песні, карагоды – гэтым захапілі гледачоў артысты з Дараўскага, Ліпскага, Жарабковіцкага, Падлескага, Зубелевіцкага, Ураджайнінскага СДК, Вялікалотаўскага СК. Цікавыя гумарыстычныя замалёўкі ў выкананні народнага тэатральнага калектыву “Вастраўчане” Востраўскага СДК “сарвалі” нямала апладысментаў. А яшчэ можна было пакаштаваць традыцыйныя прысмакі беларускай нацыянальнай кухні, прыгатаваныя гаспадынямі Валянцінай Карповіч, Вольгай Саматошанкавай, Ганнай Швец, Валянцінай Сокал. Многія зацікавіліся вырабамі з саломкі Алены Русакевіч і Надзеі Горка, выцінанкамі Наталлі Смолінай, рэчамі з папяровай “лазы” Вольгі Свянтэцкай. Не пашкадавала, што завітала на свята мінскі харэограф Алена Прохарава, якая вандруе па Беларусі і збірае танцавальны фальклор. Магчыма, менавіта святкаванне Тройцы стане фальклорным брэндам Ляхавіччыны.

Соф’я МАРЧЫК,

дырэктар раённага

метадычнага цэнтра.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *