Яркая прафесія. Амаль 40 гадоў ляхавічанін Вікенцій Чайко працуе ў энергетычнай галіне

Мы так прывыклі да бытавых зручнасцяў – вады, прыроднага газу, электрычнасці, – што нават не задумваемся: для таго, каб яны трапілі ў нашы кватэры, штодзень працуюць спецыялізаваныя службы, на работу выходзяць сотні нашых землякоў. І ад іх прафесіяналізму, на самай справе, залежыць вельмі многае.

Дакладнасць, карэктнасць, кампетэнтнасць, арганізаванасць – вызначальныя якасці для добрага дыспетчара. Ляхавічанін Вікенцій Чайко валодае імі спаўна. Амаль 40 гадоў ён працуе ў энергетычнай галіне, 35 з іх – у Ляхавіцкім раёне электрасетак. У яго працоўнай біяграфіі некалькі прыступак: доўгі час быў інжынерам аператыўна-дзяжурнай групы, потым перайшоў у дыспетчарскую службу, узначальваў яе. І сёння, хоць па ўзросце мог бы з чыстым сумленнем адпачываць, яго веды і вопыт запатрабаваны на прадпрыемстве.

У дыспетчара РЭС клопатаў нямала: акрамя кантролю за работай электрападстанцый (а іх толькі высокага напружання ў раёне 11), бесперабойнай прыёмкай, перапрацоўкай, размеркаваннем, дастаўкай электраэнергіі спажыўцам, – прыняць заяўкі па тэлефоне, пракансультаваць, пры неабходнасці адправіць аператыўна-выязную брыгаду для ўхілення аварыйнай сітуацыі, праверыць гатоўнасць кожнай з 6 брыгад да работы, праінструктаваць перад выездам, пракантраляваць вынікі работы. І, канешне, даць маладым калегам слушную параду. Прыслухоўваюцца, дарэчы, не толькі маладыя.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *