Юнацтва і “Юнацтва”. У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы чэрвень багаты на падзеі і справы /фота/

У  сваім рытме жыве наш каледж. Мы актыўна бралі ўдзел ва ўсіх майскіх мерапрыемствах, але асабліва важны месяц для нас усё ж чэрвень. Ён багаты на падзеі і справы, што сталі візітоўкай і добрай традыцыяй установы. Справаздачны канцэрт клуба “Юнацтва”, спартыўнае свята “Стартуюць усе!”, турыстычныя паходы, 45 экзаменаў на розных курсах і аддзяленнях, пасяджэнні чатырох дзяржаўных кваліфікацыйных камісій, выпускны баль – гэта далёка не ўвесь расклад на першы месяц лета.

Хачу расказаць пра клуб “Юнацтва” і яго важную місію ў нашай навучальнай установе. На працягу многіх гадоў нязменным кіраўніком клуба з’яўляецца Уладзімір Равінскі, мэтанакіраваны чалавек вялікай працаздольнасці, здольны кіраўнік падраздзялення. Ён адшуквае сярод навучэнцаў кожнага новага набору “жамчужынкі”, каб потым даць ім магчымасць раскрыцца і заззяць талентамі. У гэтым Уладзімір Уладзіміравіч сапраўдны профі.

Паўсядзённае жыццё клуба – гэта некалькігадзінныя, часцей вечарамі па раскладзе рэпетыцыі, паўторы, прагоны. І, як вынік, – па-майстэрску арганізаваныя канцэрты і выступленні, музычныя застаўкі падчас “Студэнцкай восені” і пасяджэнняў-выступленняў КВЗ. У тандэме працуюць клуб “Юнацтва” і выхаваўчы аддзел, які ўзначальвае Мікалай Дабрыянец. Дарэчы, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сам быў выхаванцам клуба і зараз застаецца пастаянным удзельнікам канцэртных праграм, удала рэжысіруе ўсе мерапрыемствы.

Вось адно з тых, пра якія хочацца расказаць.

…5 чэрвеня 2014 года, 14.00. Голас Левітана, запісаны на плёнку, перанёс нас у далёкі 41-ы. Як жа таленавіта, эмацыянальна вывералі, прыгожа аформілі, з густам раскрылі тэму “69 мірных гадоў” сцэнарысты і ўдзельнікі клуба ў справаздачным канцэрце “Юнацтва”.

Як гісторык, як супрацоўнік каледжа, як унучка ветэрана Вялікай Айчыннай стаўлю вышэйшы бал арганізатарам праграмы. Першы твор — “Свяшчэнная вайна” у выкананні Марыны Курылік крануў за жывое. Інсцэніроўку фрагмента аповесці “А світанкі тут ціхія” суправаджала слайд-шоу пра лёсы гераінь. Вельмі стрымана, але са слязамі на вачах выступалі навучэнцы тэатральнага гуртка, якім кіруе Марына Нікіціна. Цудоўна спявала Ірына Пазнякевіч.

Гаварылі пра любімыя песні “З чаго пачынаецца Радзіма”, “Сіняя хустачка”, “Аганёк”, пра тое, што нават у гады ваеннага ліхалецця людзі кахалі, стваралі сем’і, нараджалі дзяцей і сцвярджалі сваёй жыццёвай пазіцыяй непераможнасць народа і вялікай краіны – СССР. Зала з задавальненнем падпявала Таццяне Бурма, Любові Прэз, Дар’і Басаковіч, Таццяне Калеснік, Кацярыне Басалай, Аляксандру Валуевічу, вакальным групам у складзе студэнтак і выкладчыкаў. Дарэчы, іх вакальны ўзровень узняты так высока дзякуючы прафесіяналізму педагогаў Таццяны Калацкай, Алены Равінскай.

Парадавала выступленне танцавальнай групы пад кіраўніцтвам Надзеі Цямчык. Нагадаю, Надзея і Андрэй Цямчыкі – нашы выпускнікі, ніколі не забываюць пра родную навучальную ўстанову і часта ўпрыгожваюць сваімі выступленнямі нашы святы.

Адным з лепшых дэкламатараў у каледжы па праву лічыцца Арцём Гутырчык. І ён у чарговы раз даказаў гэта падчас творчай справаздачы “Юнацтва”.

Ёсць у “Юнацтве” сёлета і выпускнікі – іх шасцёра: Антаніна Лелес, Юлія Варона, Марына Курылік, Юлія Воўк і нязменныя вядучыя канцэртаў Дзмітрый Зварыч і Кацярына Ярашук. Ім уручаны граматы, каштоўныя падарункі ад дырэкцыі каледжа, а таксама салодкія падарункі ад прафкама навучэнцаў.

На працягу дзвюх гадзін выхаванцы клуба трымалі залу ў напружанні, эмацыянальным уздыме. Многія гледачы не стрымлівалі шчырых слёз.

Ірына ПРЫСТУПА-ЮНІК,

намеснік дырэктара ЛДАКа.

Моманты спартыўнага свята "Стартуюць усе"

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *