Помнім. 22 чэрвеня — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны
73 гады назад 22 чэрвеня таксама прыпадала на нядзелю. Страшна нават падумаць, уявіць, што адчувалі, што перажывалі людзі, каго на бясконцыя месяцы і доўгія гады накрыла чорнае крыло вайны. “Ужо 24 чэрвеня 1941 г. на тэрыторыі раёна каля в. Завінне 55-я стралковая дывізія ўступіла ў баі з ворагам… 25 чэрвеня баі працягваліся на рацэ Шчара”, – гэтымі радкамі пачынаецца занатаваны ў кнізе “Памяць. Ляхавіцкі раён” летапіс гераічнай барацьбы з фашызмам на ляхавіцкай зямлі.
І толькі ў ліпені 44-га яна была вызвалена – свабода! Шлях да вызвалення быў цяжкім, гераічным, самаахвярным. Нельга забыць, нельга забываць. Мір заваяваны ў жорсткай барацьбе з бязлітасным ворагам. Франтавікі і партызаны, работнікі тылу і насельніцтва акупіраваных тэрыторый – усе паспыталі жахі страшнай вайны, і кожны на сваім месцы, як мог, набліжаў перамогу.
Усе мы дакладна ведаем: самая галоўная каштоўнасць – мір.
Мір нашаму дому.