Мужнасць. 22 чэрвеня ў Брэсцкай крэпасці ўрачыста адкрыецца музейная экспазіцыя “Музей вайны – тэрыторыя міру”

Мінула 73 гады з таго часу, як на світанку 22 чэрвеня неба над Брэсцкай крэпасцю разарвалася ад грымот, рокат варожых самалётаў запаланіў усё наваколле, і на зямлю абрушыўся артылерыйскі ўраганны агонь. Фашысты планавалі без перашкод захапіць крэпасць у першыя гадзіны вайны. Але яе абаронцы — байцы і камандзіры, сем’і ваеннаслужачых, медыцынскія работнікі, адрэзаныя ад дзеючай арміі і тылу, без вады і практычна ўжо без хлеба, гераічна змагаліся з ненавісным ворагам каля месяца.

Брэсцкая крэпасць стала сімвалам мужнасці і няскоранасці. У данясенні нямецкай пяхотнай дывізіі аб баявых падзеях пад Брэстам гаварылася: “Афіцэры і салдаты абараняліся да апошняй мінуты. Здаралася, што нашых салдатаў, якія ўваходзілі ў разбураныя доты, яшчэ абстрэльвалі. Патрабаванне аб здачы ў палон, перададзенае праз перакладчыка перад падрывам дотаў, не аказвала ніякага ўздзеяння”.

…Гук метранома, які адлічвае апошнія мірныя імгненні, голас Левітана і “Свяшчэнная вайна” Аляксандрава , гул бамбёжкі і стральбы – замірае сэрца, міжволі запавольваецца крок , калі ступаеш на зямлю мемарыяла.

Святое месца для беларусаў, расіян, для ўсіх, хто шануе гісторыю, памяць продкаў, якія цаной свайго жыцця адваявалі для сваіх нашчадкаў мірнае неба.

Сюды едуць сем’ямі, ідуць дарослыя і дзеці, каб памятаць, каб ведаць, каб сказаць дзякуй за жыццё.

49 гадоў назад Брэсцкай крэпасці было прысвоена ганаровае званне “Крэпасць-герой”, уручаны ордэн Леніна і медаль “Залатая Зорка”.

Над распрацоўкай помніка бессмяротнаму гарнізону працавалі вядомыя архітэктары, скульптары – майстры сваёй справы. За 2 гады творчы калектыў пад кіраўніцтвам народнага мастака СССР Аляксандра Кібальнікава завяршыў грандыёзны праект. 25 верасня 1971 года прайшло ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, які стаў вядомым ва ўсім свеце.

У музеі абароны крэпасці сабраны летапіс падзей Вялікай Айчыннай вайны. Гэта адзін з самых вядомых ваенных музеяў не толькі рэспублікі, але і краін СНД, цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі. Яго экспазіцыі размешчаны ў 10-ці залах.

Заўтра, ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў Брэсцкай крэпасці ўрачыста адкрыецца музейная экспазіцыя “Музей вайны – тэрыторыя міру”, якая прадоўжыць існуючы музей абароны. Плошча новага музея складзе каля тысячы квадратных метраў.

Па ўсім комплексе нібы разляцеліся адарваныя лісткі календара, якія скамянелі і ператварыліся ў мемарыяльныя знакі . “Календаром абароны” пазначаны месцы драматычных падзей 1941-га. Так, 26 чэрвеня група байцоў зрабіла спробу прабіцца з акружэння. Сілы былі няроўныя. Са 120 чалавек у жывых засталося толькі 13. Цяжка параненых, іх захапілі ў палон…

…Вечны агонь. Больш за 4 дзесяцігоддзі нясуць тут ганаровую вахту юнармейцы Паста памяці. Словы, выбітыя ў бронзе “Стаялі насмерць. Слава героям!” – сведчанне пашаны нашчадкаў да подзвіга абаронцаў. На фоне шуманаўскай мелодыі “Грёзы”, якая гучыць ля Вечнага агню, гэтыя словы набываюць асаблівае значэнне і сэнс. Паўстаюць вобразы бязвусых салдацікаў, якія назаўсёды засталіся ў крэпасці, маці, што ў разгубленасці і адчаі прыціскаюць да грудзей дзяцей…

…Гранітныя пліты мемарыяльнай пляцоўкі гарадоў-герояў каля Вечнага агню захоўваюць капсулы з зямлёй гэтых 12 гарадоў.

У 1941 годзе пагранзастава аб’яднала моцных духам людзей з рознымі поглядамі і веравызнаннем, прадстаўнікоў 30 нацыянальнасцей. “Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20.VII.41 г.”, “Памром, але з крэпасці не пойдзем” – такія надпісы пакінулі на сценах яе мужныя абаронцы.

Сёння тут прымаюць школьнікаў у піянеры, прысягаюць на вернасць Радзіме салдаты, сюды прыносяць кветкі маладажоны. У цытадэль пакланіцца едуць людзі з усіх куткоў Беларусі і шматлікія замежныя госці.

…Скульптура воіна, у вобразе якога ўвасобіліся адвага, смеласць, непахіснасць загінулых і тых, хто застаўся жывы, – манумент “Мужнасць”. На тыльным баку помніка барэльефы “Нарада камандзіраў”, “Кулямётчыкі”, “Апошняя граната”, “Жанчыны ў абароне крэпасці” і іншыя.

…Пагранічны слуп з гербам СССР, трое байцоў рашуча кідаюцца ў атаку. Побач дзеці і жанчына , якая поіць з каскі параненага… Гэта ўсё элементы манументальнай кампазіцыі “Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй у неўміручасць крочылі”, прысвечанай 70-годдзю подзвігу пагранічнікаў, іх жонак і дзяцей. Тут, ля Цярэспальскіх варот, пад камандаваннем начальніка 9-й пагранзаставы лейтэнанта Кіжаватава стаялі насмерць пагранічнікі і мужна трымаліся іх сем’і.

Гімнам мужнасці гучаць словы Петруся Броўкі:

I крэпасць над Бугам ратунку не просіць,

Героям няма адыходу дарогі.

Іх з бойкі смяротнай няшмат засталося,

Што першымі клалі шляхі перамогі.

Скажу я заўсёды таварышу-другу —

Ніколі, ніколі табе не памерці,

Калі ты душою, як крэпасць над Бугам,

Калі хоць маленькую — носіш у сэрцы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *