Сэрвіс плюс. У Ляхавіцкім райаграсэрвісе жніво стартавала з трыцікале

Лідарам жніва ў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» на гэты час з’яўляецца экіпаж у складзе старшага камбайнера Дзмітрыя Арлоўскага і камбайнера Аляксандра Чалевіча.

Размінка ўборачных сіл і сродкаў, у якасці чаго можна разглядаць камбайнаванне рапсу, атрымалася інтэнсіўнай і для большасці гаспадарак раёна засталася ў мінулым. Камбайны скінулі з сябе спецдаабсталяванне і жалезным караванам перамясціліся туды, дзе колас. Тое, што яго сёлетняя важкасць выгадна адрозніваецца ад леташняй, паказвае першы этап жніва. Напрыклад, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, на палетку якога гарачым пазаўчарашнім поўднем атрымалася папрысутнічаць, зараз стартаваў з некалькі нават больш як 37 цэнтнераў з гектара – плюс 10 да мінулагодняй лічбы. Пры гэтым, канкрэтызаваў намеснік дырэктара райаграсэрвісу па сельскай гаспадарцы Уладзімір Юруць, асобныя больш нізкарэльефныя ўчасткі сыплюць і за 40 цэнтнераў трыцікале. Трыцікале стала першай збожжавай культурай, што трапіла пад нажы сэрвісаўскіх камбайнаў. Яна ж – і безальтэрнатыўны прыярытэт у структуры пасяўных плошчаў прадпрыемства – 900 з 2466 гектараў збожжавых увогуле. Пшаніца і ячмень у суме займаюць прыкладна столькі ж.

Намеснік дырэктара Уладзімір Юруць і брыгадзір вытворчага ўчастка Кацярына Кулак.

На момант наведвання, у гарадзішчанскіх ваколіцах “пыліла” 8 камбайнаў. Ёсць яшчэ 2 “узроставыя” камбайны замежнай маркі, якія пакуль не задзейнічаны – знаходзяцца ў баявым рэзерве. Шлях ад камбайна да зернятока займае невялікую адлегласць. Уборачны палетак фактычна знаходзіцца ў сумежжы з зернесушыльнымі комплексамі. Рэжым іх працы, дарэчы сказаць, характарызуецца ашчаднасцю – дастаткова падсушыць зерне на 1-1,5 працэнта, каб выйсці на складскі паказчык вільготнасці.

Падалася цікавай і новай убачаная тут жа практыка прасавання саломы. Звычайныя і звыклыя рулоны, паверх – спецыяльная сетка. Але – такі вось сэрвісаўскі нюанс – па два ўпрытык і роўна адзін да аднаго. Глядзіцца карцінна, хоць, канешне ж, галоўнае ў рацыянальнасці ўборкі саломы.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *