Адпачынак без трагедый. На Ляхавіччыне купанне забаронена па санітарных прадпісаннях

Сёлета вельмі спякотнае лета. Дарослыя і дзеці спяшаюцца да вады і не заўсёды памятаюць, што яна прыносіць не толькі радасць і задавальненне, але бывае і небяспечнай для тых, хто забывае пра асцярожнасць. У ліпені на Брэстчыне патанулі 28 чалавек. Толькі за мінулы тыдзень – 16, у тым ліку 3 непаўналетніх. Ёсць ахвяры вады і ў нашым раёне: пры купанні ва неўстаноўленым для гэтага месцы патануў 32-гадовы мужчына.

На Ляхавіччыне ў месцах, адведзеных пад купанне (на гарадскім пляжы на рацэ Ведзьма, зонах адпачынку на Шчары ў вёсцы Дарава і ў Галаўнінцах каля лагера “Чайка”), купацца забаронена па санітарных прадпісаннях. Але дзе б вы ні адпачывалі, пра правілы паводзін у вадзе і каля вады неабходна памятаць.

Асаблівай увагі патрабуюць дзеці. Расказвайце ім пра неабходнасць строга захоўваць меры перасцярогі ў час купання і адпачынку ля вады і ні ў якім разе не пакідайце малых без нагляду ні на адну хвіліну. Гэтага правіла трэба прытрымлівацца і калі ў вас ля дому ёсць вадаёмы, калодзежы ці іншыя рэзервуары з вадой.

З 13 дарослых, што загінулі на вадзе за мінулы тыдзень, 12 былі ў стане алкагольнага ап’янення. Памятайце, што вада і алкаголь – рэчы несумяшчальныя.

Дарэчы, Ляхавіцкі райвыканкам прыняў рашэнне “Аб вызначэнні вадаёмаў, забароненых для купання грамадзян, катання на лодках, катарах і іншых плавальных сродках”. Так, у спісе вадаёмаў, забароненых для купання, – сажалка Ляхавіцкая, размешчаная на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельсавета, сажалка Сакуны ў Конькаўскім сельсавеце і сажалка Востраў на тэрыторыі Востраўскага сельсавета. Гэтыя вадаёмы прызначаны для рыбаводства.

Катанне на лодках, катарах і іншых плавальных сродках (за выключэннем спецыялізаваных) забаронена ў месцах купання на зонах адпачынку на рацэ Ведзьма ў Ляхавічах, на рацэ Шчара ў Дараве, каля аздараўленчага лагера “Чайка”.

Марыя ЦІТКО,

старшыня раённай арганізацыі Асвод.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *