За буйкі не заплываць.Трагедыю на вадзе можна папярэдзіць. Для гэтага трэба выконваць нескладаныя правілы

І зімой, і летам са зводак здарэнняў не знікаюць паведамленні пра трагедыі на вадзе. Яе ахвярамі становяцца і дзеці, і дарослыя. Днямі ў Капыльскім раёне патануў 10-гадовы хлопчык, які разам з сябрамі прыйшоў купацца без нагляду дарослых. На Светлагоршчыне 12-гадовую дзяўчынку не паспеў выратаваць уласны дзядуля. І ў Брэсцкай вобласці за мінулыя выхадныя вада забрала жыцці двух дзяцей…
Ад спёкі людзі шукаюць паратунку каля вадаёмаў. Але калі на слупку градус зашкальвае, вада можа стаць крыніцай небяспекі.
Старшыня раённай арганізацыі Асвода Марыя Цітко падкрэслівае, што сёлета значна менш пытанняў да паводзін дзяцей на зонах адпачынку. Водныя працэдуры, як правіла, яны прымаюць у прысутнасці дарослых, не заплываюць за буйкі і ўважліва адносяцца да рэкамендацый і заўваг матросаў-выратавальнікаў. Затое «вызначаюцца» дарослыя. Узгадвае выпадак, калі адпачываючыя спрабавалі плаваць па Ведзьме на надзіманым матрацы. Згодна правілаў аховы жыцця людзей на водах, гэта катэгарычна забаронена, як і плаванне на дошках, лежаках, бярвёнах, аўтакамерах. Для бяспечнага купання прызначаны выратавальныя камізэлькі і кругі.
Было і такое, што нецвярозы мужчына, якога супрацоўнік выратавальнага пункта папрасіў адысці ад вады, кінуўся да яе. Паплыў да буйкоў, пачаў іх выварочваць. Парушальніка парадку выцягнулі з вады і адправілі дадому. А вось да неспакойнай кампаніі на пляж у Дарава давялося выклікаць міліцыю. Дарэчы, спіртное часта становіцца прычынай трагедыі.
Выкананне правілаў паводзін на вадзе – жыццёва важнае патрабаванне. Асвод нагадвае, што купацца можна толькі ў дазволе- ных месцах. У нашым раёне афіцыйна зацверджаны тры зоны адпачынку: на рэках Ведзьма ў Ляхавічах, Шчара ў Дараве, на вадаёме аздараўленчага лагера «Чайка» (гэта зона прызначана для адпачынку дзяцей і выхавальнікаў).
Не трэба даказваць сябрам сваё майстэрства, устройваюць заплывы на далечыню, ныранне на глыбіню і працягласць, нельга скакаць у ваду з непрыстасаваных для гэтага месцаў – такія паводзіны надзвычай небяспечныя. Колькі чалавек з-за такіх спаборніцтваў засталіся інвалідамі, патанулі…
Бацькам варта ведаць, дзе знаходзяцца іх дзеці, і кантраляваць іх вольны час. Недагляд можа прывесці да непапраўнага. Навучыце сына ці дачку аказанню першай дапамогі пры ўтаплен- ні – такія ўменні не будуць лішнімі.
У любой сітуацыі і пры любым надвор’і асабістая адказнасць і бяспечныя паводзіны – залог захавання жыцця і здароўя.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Па інфармацыі Асвода, за мінулы тыдзень у Беларусі патанулі 19 чалавек, у тым ліку чацвёра дзяцей пры падзенні ў ваду.
З пачатку года ў краіне ахвярамі вады сталі 196 чалавек, з іх 22 – дзеці. Яшчэ 176 трагічных выпадкаў папярэ- джаны – людзей выратавалі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *